20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якія б ні былі праблемы і складанасці, заходнія санкцыі не павінны паўплываць на развіццё краіны. Такую задачу паставіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Санкцыі мы павінны, як і была пастаўлена мною задача ўраду, пераадолець без усялякіх праблем. Мы палову вырабляемага прадаём, і гэта не сотні мільярдаў долараў, і рынкі нашы зразумела дзе. На тых рынках супраць нас санкцыі не ўвялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў некаторых беларускіх прадпрыемстваў з-за санкцый узніклі праблемы з закупкай камплектуючых у Еўропе. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі б у краіне больш актыўна займаліся імпартазамяшчэннем, то такіх праблем можна было пазбегнуць. У прыклад ён прывёў Мінскі аўтамабільны завод, які сумесна з кітайскімі партнёрамі арганізаваў у індустрыяльным парку "Вялікі камень" вытворчасць рухавікоў. "Проста варушыцца трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Якія б ні былі праблемы і складанасці, гэтыя санкцыі не павінны паўплываць на развіццё нашай краіны. Як маем 3,5 працэнта ВУП па паўгоддзі, так павінны вытрымаць і да канца года. Так, вельмі складана, так, цяжка. Галоўная задача, як на фронце, - выстаяць і перамагчы", - заявіў Прэзідэнт.