14 жніўня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Дзякуючы адзінству грамадства ў Беларусі няма праблем з вымушанай знешняй міграцыяй. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні работнікаў ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каменціруючы сітуацыю з вымушанай міграцыяй некарэнных жыхароў у Еўропе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзі з разбураных ваеннымі канфліктамі Егіпта, Лівіі, Сірыі гатовы, рызыкуючы жыццём, перапраўляцца ў Еўропу. Але сярод іх не толькі тыя, хто вымушаны быў пакінуць родную краіну, але і экстрэмісцкія элементы. "Не трэба было разбураць гэтыя дзяржавы. Яны жылі - трэба было з імі супрацоўнічаць і паступова прапаноўваць ім свае каштоўнасці", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён удакладніў, што размова ў гэтым выпадку ідзе аб сапраўдных каштоўнасцях, а не аб прапагандзе нетрадыцыйнай арыентацыі. "Яны хацелі арабам каштоўнасці гэтыя прывезці. Ды яны ў нас не прыжывуцца, не тое што ў арабаў", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца Беларусі, то яна як транзітная краіна трымае міграцыйныя працэсы на строгім кантролі. Жадаючых нелегальна трапіць праз беларускую граніцу ў Еўропу аператыўна выяўляюць. "Для нас гэты працэс не катастрафічны, пакуль дзякуючы нашаму адзінству нам удаецца яго стрымліваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час для Беларусі, лічыць кіраўнік дзяржавы, гэты працэс "мае вельмі сур'ёзную небяспеку, таму што мы адкрыты, мы не можам закрыцца на перакрыжаванні ўсіх шляхоў".