18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы Беларусі даручыў у поўным аб'ёме вывучыць перспектыўныя рэгіёны краіны на прадмет выяўлення новых радовішчаў нафты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размова ідзе аб Аршанскай (Віцебская вобласць) і Падляска-Брэсцкай упадзінах (Брэсцкая і Гродзенская вобласці). Гэтыя тэрыторыі пакуль недастаткова вывучаны. Да іх цяпер павінна быць прыкавана ўвага спецыялістаў.
На нарадзе таксама абмяркоўвалася рэалізацыя праектаў па павелічэнні выкарыстання торфу на цэментных заводах замест імпартуемага каменнага вугалю. Чакаецца, што на працягу 2016-2017 гадоў на прадпрыемствах будзе выкарыстоўвацца каля 420 тыс. т тарфяных брыкетаў. Гадавая эканомія, паводле падлікаў урада, складзе $15-20 млн.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб праграме вывучэння нетраў і развіцця мінеральна-сыравіннай базы Беларусі на 2016-2020 гады. Дакумент прадугледжвае пошук радовішчаў ужо разведаных і новых відаў карысных выкапняў. Запланаваны таксама рэгіянальныя работы, якія будуць праводзіцца на малавывучаных тэрыторыях, вялікіх глыбінях.
Цяпер у Беларусі выяўлена 82 радовішчы нафты, 75 перададзены на баланс ВА "Беларуснафта" для распрацоўкі, на сямі радовішчах вядуцца работы ў розных стадыях разведкі і падрыхтоўкі да асваення. Усе выяўленыя радовішчы нафты адносяцца да Прыпяцкага прагіну (Гомельская і Магілёўская вобласці). Штогод Беларусь здабывае 1,64 млн т нафты. У краіне ёсць больш за 9 тыс. тарфяных радовішчаў з геалагічнымі запасамі каля 4 млрд т, штогод выпускаецца 1 млн 240 тыс. т торфабрыкету. Усяго ў нетрах Беларусі знойдзена больш за 10 тыс. радовішчаў розных відаў карысных выкапняў.