12 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць ва ўдасканаленні структуры сельгасвытворчасці ў паўночных раёнах Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы рашэнні па кадравых пытаннях у адносінах да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка цікавіўся сітуацыяй у вёсцы, асабліва ў Віцебскай вобласці, у сувязі з умовамі надвор'я. Як далажылі Прэзідэнту, сітуацыя даволі складаная як па прычыне ападкаў, так і тэмпературы, што адмоўна ўплывае на тэмпы палявых работ. Разам з тым асаблівай шкоды пасеяным плошчам замаразкі і снег, што выпаў, не нанеслі.
"Вядома, трэба аператыўна пасеяць, але не на шкоду якасці. Гэта датычыцца перш за ўсё Віцебскага рэгіёна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але галоўнае не ў гэтым. Нам трэба мяняць севазварот. Калі ў нас ёсць раёны ў Віцебскай вобласці, дзе можна ў большых аб'ёмах вырошчваць збожжавыя культуры, то там трэба іх вырошчваць. У астатніх раёнах у кожнай гаспадарцы выбіраць толькі асобныя палі для таго, каб атрымаць камбікорм для буйной рагатай жывёлы. Усё астатняе трэба аддаваць пад травы і выпускаць малако".
Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна зрабіць упор менавіта на тыя культуры, якія найбольш рацыянальна і эфектыўна вырошчваць у той ці іншай мясцовасці. Яшчэ адно даручэнне звязана з актыўным укараненнем сучасных тэхналогій захоўвання кармоў.
"Будзе вельмі сур'ёзны націск з майго боку. Я сёння раніцай размаўляў з губернатарам Шарстнёвым. Нам трэба тэрмінова змяніць севазвароты. Трэба пераходзіць на травы. Гэта маё цвёрдае перакананне. Трэба навучыцца рабіць добрыя кармы і атрымліваць ялавічыну. Вытворчасць якаснага малака вельмі рэнтабельная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.