13 жніўня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да лістапада 2020 года зрабіць Аршанскі мясакансервавы камбінат адным з лепшых прадпрыемстваў галіны. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў час наведвання завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля наведвання Аршанскага інструментальнага завода, дзе Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным, Аляксандр Лукашэнка наведаў яшчэ шэраг прадпрыемстваў горада, у іх ліку мясакансервавы камбінат.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй яго работы і вытворчай базай. Наведаўшы некалькі цэхаў, ён раскрытыкаваў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства, тое, як утрымліваюцца памяшканні і матэрыяльна-тэхнічная база.
"Да 7 лістапада 2020 года тут гэтага быць не павінна. Трэба выдзеліць сродкі, арганізаваць новы забойны цэх, усё гэта знесці (адносна старых будынкаў. - Заўвага БЕЛТА) і зрабіць сучаснае прадпрыемства. Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у ААТ "Оршааграпраммаш", якое ўваходзіць у холдынг "Бабруйскаграмаш". Яго праінфармавалі аб фінансава-эканамічных паказчыках завода, прадэманстравалі выпускаемую прадукцыю і расказалі аб перспектывах развіцця прадпрыемства.
Генеральны дырэктар "Бабруйскаграмаша" Аляксандр Ерамееў папрасіў дапамагчы ў рэструктурызацыі даўгоў. Усяго холдынгам накоплена крэдытаў прыкладна на Br50 млн. "Падрыхтаваны праект указа, які ўзгоднены з міністрамі. Атрымаецца эканамічны эфект Br10,2 млн, - адзначыў Аляксандр Ерамееў. - Мы грошай лішніх не просім, толькі адтэрміноўка".
Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта тэрмінова разабрацца ў гэтым пытанні, далажыць у бліжэйшы час і ўнесці свае прапановы.
"Але май на ўвазе, не дай бог не будзе выкананы ўказ і ты зноў прыйдзеш за адтэрміноўкай або растэрміноўкай - наракай сам на сябе", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з работай ААТ "Оршааграпраммаш", пацікавіўся загрузкай прадпрыемства, пашырэннем рынкаў збыту. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць мэтавага выкарыстання вытворчых памяшканняў і прывядзення ў парадак матэрыяльна-тэхнічнай базы завода.