23 сакавіка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Айчынныя вытворцы вырабаў са скуры павінны выкарыстоўваць сыравіну беларускай вытворчасці. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час нарады на Мінскім вытворчым гарбарным аб'яднанні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адна з праблем гарбарнай галіны - высокі імпарт сыравіны. Тыя ж айчынныя вытворцы абутку не аддаюць перавагу беларускай скуры. Усяго ў краіне каля 80 прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць гэту сыравіну ў сваёй вытворчасці.
"Ва ўрад на гэтым тыдні запрасіце ўсіх спажыўцоў, стварыце "карпарацыю". Іх задача - прымусіць кіраўніка гэтага прадпрыемства (гарбарнага завода ў Гатаве. - Заўвага БЕЛТА) рабіць тое, што ім трэба. Але пры гэтым яны на працягу года павінны прыйсці да таго, каб спажываць толькі беларускую сыравіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён нагадаў аб патрабаваннях да выкаранення пасрэдніцтва і сваіх строгіх падыходах да гэтай праблемы.
У своеасаблівую асацыяцыю, акрамя вытворцаў скураных вырабаў, таксама можна ўключыць мясакамбінаты (пастаўшчыкоў скураной сыравіны) і саміх перапрацоўшчыкаў, прапанаваў Прэзідэнт. Так, на яго думку, можа быць выпрацавана адзіная палітыка па развіцці гарбарнай галіны, каб зменшыць аб'ёмы імпарту.