22 снежня, Дзяржынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым пабудаваць другую ўзлётна-пасадачную паласу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сіламі айчынных будаўнічых і падрадных арганізацый. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця руху па МКАД-2, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час размовы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў прагучала думка, што да будаўнічых работ у аэрапорце неабходна прыцягнуць беларускіх будаўнікоў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую ідэю і выказаў упэўненасць, што айчынныя арганізацыі справяцца з гэтай работай.
"Мы павінны пабудаваць узлётна-пасадачную паласу. Калі вы берацеся за гэта, размяркоўвайце падрад - толькі мы павінны пабудаваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Што за праблема? Там, па-мойму, слой не 40 см, а 80 см. Няхай метр. Што мы не ўкладзём бетон? Укладзём. Тым больш, калі вы аб гэтым сказалі. Значыць, вы ўжо гатовы да таго, каб пабудаваць гэту паласу".