6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўнічыя прадпрыемствы Беларусі гатовы ўзводзіць аб'екты на Філіпінах. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчую грамату пасла Рэспублікі Філіпіны ў Рэспубліцы Беларусь Карласа Дэймека Сарэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Зусім нядаўна, 22 мая, мы адзначылі 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін з Філіпінамі. Разлічваем, што наступныя дзесяцігоддзі будуць вызначацца больш актыўным узаемадзеяннем у палітычнай і гандлёва-эканамічнай галінах, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Нашы будаўнічыя прадпрыемствы гатовы прыняць удзел ва ўзвядзенні прамысловых, інфраструктурных і энергетычных аб'ектаў на Філіпінах".
Пасол Рэспублікі Філіпіны запэўніў Прэзідэнта Беларусі, што будзе прыкладаць усе намаганні для актыўнага развіцця адносін паміж краінамі. Дыпламат адзначыў, што з задавальненнем знаходзіцца ў Мінску і ўжо змог ацаніць добрую якасць беларускіх тавараў. У прыватнасці, жонка дыпламата падарыла яму гадзіннік вядомай беларускай маркі.
Аляксандр Лукашэнка таксама сёння прыняў даверчую грамату пасла Аўстраліі ў Беларусі Пітэра Марціна Тэша. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краінам для ўмацавання супрацоўніцтва трэба выкарыстоўваць вялізны незадзейнічаны патэнцыял. "Мы ўдзячны кіраўніцтву гэтай краіны за жаданне падтрымаць нас у пытаннях уступлення ў СГА. Упэўнены, што гэтыя пазітыўныя намеры паслужаць ажыўленню нашага двухбаковага гандлю", - сказаў беларускі лідар