3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты, а перапрацоўвае імпартуемую сыравіну. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Другі момант - Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга - яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну - малако, яблыкі, рыбу і іншае - мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі - гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак. "Мы ім паставім выключна беларускае, у нас пры гэтым, як у савецкія часы, на экспарт якасць павінна быць ідэальная. Транзіту мы ў Расію не накіроўваем", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў, што і ў Беларусі выяўляюцца выпадкі, калі сапраўды пераклейваюцца наклейкі або падробліваюцца накладныя на санкцыйныя прадукты. "Але гэта мізэр, гэта нават не паўпрацэнта, гэта сотыя працэнта. І мы з гэтым змагаемся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што часцей за ўсё такія махінацыі ажыццяўляюцца пры непасрэдным удзеле расійскіх мытнікаў і іншых службовых асоб.