8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова рухацца па шляху стварэння новых сумесных вытворчасцей у Пакістане. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з паслом Пакістана ў Беларусі Саджадам Хайдэрам Ханам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць далейшыя перспектывы беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва. Прэзідэнт нагадаў, што двойчы наведваў з візітам Пакістан і ў Беларусі складваліся добрыя адносіны як з ранейшым урадам, так і з цяперашнім.
"Нягледзячы на тую сітуацыю, якая складваецца сёння ў Пакістане, я абсалютна перакананы, што ў пакістанскага кіраўніцтва, эліты Пакістана дастаткова мудрасці, каб у гэты вельмі складаны перыяд захаваць гэту гіганцкую ядзерную дзяржаву, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць аснова для нашага супрацоўніцтва. Як мяне інфармуюць, у Пенджабе пачало функцыянаваць наша сумеснае прадпрыемства па вытворчасці тэхнікі. Мы гатовы і далей рухацца. Я ўпэўнены, што вы добра ведаеце нашы магчымасці і чым мы можам быць карысныя для Пакістана. Калі ў вас ёсць цікавасць да нашай эканомікі, магчымасцей, вароты любога прадпрыемства, любой установы для вас адкрыты".
Пасол Пакістана ў сваю чаргу заявіў, што яго краіна разглядае Беларусь як сябра і саюзніка ў гэтым рэгіёне. Ён адзначыў, што за апошнія некалькі гадоў паміж краінамі было падпісана больш за 80 двухбаковых пагадненняў, яшчэ дзесяць дакументаў знаходзяцца на стадыі разгляду.
"Беларусь мае вялікі вопыт у сферы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Гэта з'яўляецца ключавымі кропкамі цікавасці Пакістана, у тым ліку ў частцы стварэння сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі нашай краіны, - адзначыў Саджад Хайдэр Хан у час размовы з журналістамі пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. - У Пакістане запланавана будаўніцтва дзевяці спецыяльных эканамічных зон, чатыры з якіх знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. Гэтыя зоны будуць размяшчацца ў пакістана-кітайскім эканамічным калідоры і таксама могуць уяўляць цікавасць для сумесных праектаў з беларускім бокам".
У 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Пакістанам склаў $92,6 млн і павялічыўся больш як на 77 працэнтаў да ўзроўню 2020 года. Пры гэтым сальда гандлю ў Беларусі дадатнае - $63,6 млн. Аснову экспарту склалі трактары і запчасткі да іх, калійныя ўгнаенні, спецыфічныя тавары, сінтэтычныя ніці, цэлюлоза, малочная прадукцыя, лякарствы, дызельныя маторы.