11 красавіка, Рэчыца /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Развіццё дрэваапрацоўчай галіны ў Беларусі мае вялікія перспектывы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Рэчыцадрэў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час ім было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Аднак некаторыя паставіліся да гэтага неадназначна. "Я зразумеў, чаму крытыкуюць і хто крытыкуе - тыя, хто не хочуць, каб у краіне было лепш, і зыходзяць з прынцыпу "чым горш, тым лепш для іх", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Мадэрнізацыя праходзіла нялёгка, узнікалі пэўныя праблемы, але яе практычна ўдалося завяршыць. На думку кіраўніка дзяржавы, калі б раней не пайшлі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, яны сёння ўжо не існавалі б. "Яны памерлі б на рынку, ніхто не купляў бы прадукцыю. Дзякуй богу, што ў свой час прынялі рашэнне аб мадэрнізацыі, зыходзячы з таго, што ў нашай краіне ёсць сыравіна", - звярнуў увагу ён.
У хуткім часе ў Светлагорску адкрыецца вытворчасць беленай цэлюлозы, павялічаць свае магутнасці існуючыя прадпрыемствы, што дасць магчымасць істотна нарасціць перапрацоўку драўніны ў краіне - да 20 млн куб.м у год. Пры гэтым рэсурсы рэспублікі - 30-32 млн куб.м. "Не перапрацуем - перастаіць лес. Вы лепш за мяне ведаеце, што такое лес, які перастаяў, што з яго будзе. У лепшым выпадку дровы, можа, на шчэпкі нешта выберуць. Трэба перапрацоўваць нават не 20, як мы з наступнага года будзем, а 30-35", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць наведаў ААТ "Рэчыцадрэў". Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб рэканструкцыі, мадэрнізацыі і развіцці базавых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, вытворча-эканамічным стане і перспектывах развіцця ААТ "Рэчыцадрэў". Прэзідэнт азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці ДСП і сучаснай мэблі, а таксама з выстаўкай вырабленай на прадпрыемстве прадукцыі.