3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць у росце экспарту ключ да ўмацавання даверу насельніцтва да рубля і банкаўскіх укладаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Урад лічыць, што ў наступным годзе ў прыярытэт трэба ўзвесці экспарт, - адзначыў беларускі лідар. - Бо пакуль ёсць магчымасць прадаваць і замацоўвацца на сусветных рынках (а гэта не будзе доўга) - трэба дзейнічаць".
"Упускаць момант, каб заявіць пра сябе, нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Будзем інтэнсіўна нарошчваць валютную выручку, атрымаем моцны беларускі рубель. Насельніцтва перастане асцярожнічаць і прапануе свае грошы ў дэпазіты або аблігацыі".
Такім чынам, на думку Прэзідэнта, будзе паступальна нарошчвацца база для "доўгага" інвесціравання. "Гэта задача не толькі ўрада, але і ўсяго банкаўскага блока. Тым больш што інвестыцыі сапраўды прасядаюць".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што практычна завершаны папярэдні інвестыцыйны цыкл і звязаныя з ім буйныя праекты: атамная станцыя, БНБК, Петрыкаўскі горна-ўзбагачальны камбінат, цэлюлозныя і папяровыя комплексы. На фінальнай стадыі праекты ў нафтаперапрацоўцы. "Калі не абнаўляцца, то праз 3-5 гадоў будзем у аўтсайдарах па канкурэнтаздольнасці. Недзе сітуацыю нам падсапсавалі звонку, а недзе мы самі недапрацоўваем і ў гэтым пытанні. Усе задачы па інвестыцыях дакладна прапісаны ў праграме пяцігодкі, але разгортваюцца яны пакуль слаба", - заявіў беларускі лідар.