27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнія падзеі штурхаюць Беларусь і Расію да больш цеснай кааперацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам пасля галасавання на рэферэндуме па абноўленай Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тое, што адбываецца цяпер, штурхае нас да больш цеснай кааперацыі", - канстатаваў Прэзідэнт. У прыватнасці, на фоне аб'яўленых Захадам санкцый у адносінах да Расіі і доступу да пэўных тэхналогій больш актуальным становіцца ўзаемадзеянне з Беларуссю па лініі вытворчасці мікрасхем і падобнай прадукцыі. "Мы захавалі і "Планар", "Гарызонт", і БелОМА", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы з Пуціным абмяркоўвалі, і не адзін раз, гэта пытанне. Выжывем. Нас немагчыма замарыць голадам. Зямлі ў нас хапае, угнаенні ёсць, трактар ёсць, плуг ёсць, перапрацаваць можам. Спажыць? 150 млн чалавек, спажывём".
Больш таго, сучасны свет не абмяжоўваецца толькі рынкамі ЗША і Еўрасаюза, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Сёння Азія ўжо паднялася на гэты ўзровень (узровень развітых заходніх краін. - Заўвага БЕЛТА). Мы прададзім сваю прадукцыю. Проста цяпер трэба мабілізавацца і крыху больш папрацаваць, таму што нам падкінулі нямала праблем".