20 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае высокія пазіцыі краіны ў рэйтынгу па барацьбе з адмываннем грошай. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка ў рамках прыняцця кадравых рашэнняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы праводзім паступовую, спакойную лібералізацыю фінансавага і валютнага рынкаў. Аднак паслабленні - гэта не ўсёдазволенасць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў рабоце трэба абапірацца на міжнародныя стандарты, асабліва ў частцы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. "Беларусь займае 21-е месца ў рэйтынгу ФАТФ (Група распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай. - Заўвага БЕЛТА). Пры гэтым Расія на 32-м, Швейцарыя - на 35-м, ЗША - на 37-м, Кітай - на 84-м", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Аднак на прыкладзе Белгазпрамбанка бачым, што работы непачаты край. Павінен сказаць, што старшыня праўлення (Нацбанка. - Заўвага БЕЛТА) і кіраўніцтва банка нясуць персанальную адказнасць за тое, што адбываецца ў нашых камерцыйных банках", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Гэта сітуацыя павінна стаць урокам для абноўленага кіраўніцтва Нацбанка. Штат у вашай структуры немалы, але, на жаль, нагляд праваліўся, не спрацаваўшы на апярэджанне. Думаю, што вы зробіце адпаведныя вывады, прытым імгненныя", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.