10 жніўня, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што намераў прадаваць ААТ "Гомсельмаш" якому-небудзь замежнаму інвестару няма, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Прэзідэнта, у прыватнасці, казахстанскія партнёры гатовы працаваць з "Гомсельмашам" і ўвайсці ў капітал прадпрыемства. "Але скажу прама: я не збіраюся "Гомсельмаш" прадаваць, я не хачу яго прыватызаваць. Калі Казахстан хоча атрымаць тут нейкую долю акцый, мы не супраць. Ды Казахстан і не прэтэндуе на тое, каб кіраваць гэтым прадпрыемствам і атрымаць кантрольны пакет", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Кантрольны пакет акцый прадаваць я не гатовы, і наўрад ці ў маё прэзідэнцтва гэта здарыцца. Прадпрыемства гэта дзяржаўнае, і кантроль павінен заставацца дзяржаўным", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае, да чаго можа прывесці такая прыватызацыя. "Растсельмаш даўно прапануе - давайце прыватызаваць, мы гатовы купіць. Але я не хачу, каб гэты завод ператварыўся ў завод па вытворчасці шасцярэнек. Усё астатняе - і канструктарскія распрацоўкі, і навукова-тэхнічны складнік - усё там - у Растове, а мы ператворымся ў нейкі прыдатак. Гэтага быць не павінна, павінны быць партнёрскія адносіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Казахстана, Прэзідэнт адзначыў, што гэта неабдымны і вельмі важны рынак для прадукцыі "Гомсельмаша", і там зацікаўлены ў гэтай тэхніцы. "Я генеральнаму дырэктару сказаў, што ёсць яшчэ родная Украіна. З імі трэба дамаўляцца. Гэта сусветная жытніца, а свайго камбайна ў яе няма", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.