29 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з педагагічным актывам краіны заклікаў падумаць над тым, якой павінна быць адукацыя будучага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у краіне ў развіцці адукацыі шмат дабіліся і ўсё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што паступова і ўдумліва ўдасканальвалася сістэма адукацыі. "Для нас было важна не звесці адукацыю да сферы паслуг, не нацэліць толькі на атрыманне прыбытку. Я лічу адным з нашых значных дасягненняў тое, што мы захавалі магчымасць для ўсіх абітурыентаў атрымліваць вышэйшую адукацыю па конкурсе бясплатна", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заявіў, што тым не менш ёсць да чаго імкнуцца. "Сёння нам трэба знайсці адказ на пытанне, якой мы бачым адукацыю будучага. Аб гэтым многія гавораць, прапануюць новыя мадэлі. Часта ўсё зводзяць банальна да інфармацыйных тэхналогій. Я прыхільнік простай ідэі: не зможа ні цяпер, ні ў бліжэйшым будучым ніводны айцішнік, нават самы перадавы, накарміць, абуць і адзець людзей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, сучасныя тэхналогіі могуць вывесці на новы ўзровень развіцця і сельскую гаспадарку, і вытворчасць у прамысловасці. Таму я заўсёды гавару, што навучанне ІТ-спецыяльнасцям само па сабе прагрэсіўнае, але яно павінна быць на стыку рэальных галін. Нам патрэбны шыракапрофільныя спецыялісты, дзе ІТ - гэта натуральная кампетэнцыя".
Прэзідэнт адзначыў, што стык ІТ-адукацыі і іншай - біялагічнай, хімічнай, эканамічнай і нават юрыдычнай - дасць сучаснага чалавека. "Але трэба падумаць над іншымі галіновымі модулямі, паглядзець на будучае. Дапусцім, хімія плюс фізіка, біялогія плюс механіка або фізіка. Абмяркуйце, што яшчэ трэба, і прапануйце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што моладзь таксама хоча выбіраць асобныя модулі і элементы вучэбных праграм. "Трэба задаволіць іх запыт. Трэба пачуць іх і развівацца разам з жыццём, абапірацца на яго патрэбнасці", - дадаў ён.