29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя працуюць над стварэннем новых сістэм водаачысткі і лічбавізацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык у час II Міжнароднай канферэнцыі "Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кожны чалавек можа адчуць з'яўленне новых тэхналогій у сферы ЖКГ, таму што яны паляпшаюць наша жыццё. Асноўныя напрамкі тэхналагічнага развіцця - лічбавізацыя, водазабеспячэнне і водаачыстка, перапрацоўка адходаў. Вялікае значэнне маюць таксама пытанні энергетыкі, выкарыстання электрычнасці. Развіваюцца разумныя сістэмы аптымізацыі спажывання энергіі, ідзе будаўніцтва электрадамоў", - сказаў Сяргей Чыжык.
Паводле яго слоў, беларускія вучоныя цяпер працуюць над новымі сістэмамі водаачысткі. Пры НАН Беларусі фарміруецца прадпрыемства - спецыяльны цэнтр, які аб'яднае работу ў гэтым напрамку. "Што датычыцца перапрацоўкі адходаў, цяпер ёсць разрозненыя рашэнні, але мы хочам аб'яднаць іх у комплексы", - адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН.
II Міжнародная канферэнцыя "Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы" праходзіць у Мінску 29-30 кастрычніка. Яе мэта - абмеркаванне новых тэндэнцый і перспектыўных тэхналогій, абсталявання, фарміраванне адзінай платформы для развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ў галіне. У час канферэнцыі працуе выстаўка інавацыйных распрацовак для сістэмы ЖКГ. Мерапрыемства арганізавана Нацыянальнай акадэміяй навук і Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.