7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Латвійскія парты зацікаўлены ў павелічэнні транзіту беларускіх нафтапрадуктаў і прыцягненні грузаў з Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", паведаміў прэм'ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс журналістам па выніках перагавораў з беларускім калегам Андрэем Кабяковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зацікаўлены ў павелічэнні перавозкі нафтапрадуктаў праз латвійскія парты. Вядома, я таксама заклікаю палепшыць канкурэнтаздольнасць латвійска-беларускага транзітнага калідора, праводзячы электрыфікацыю чыгункі", - сказаў Марыс Кучынскіс.
Латвія таксама зацікаўлена ў развіцці трохбаковага супрацоўніцтва Латвіі, Беларусі і Кітая, асабліва ў сферы прыцягнення грузаў з індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і іх транзіту праз латвійскія парты.
"Беларусь з'яўляецца і, я спадзяюся, застанецца важным партнёрам Латвіі па эканамічным супрацоўніцтве, буйнейшым партнёрам па знешнім гандлі сярод краін "Усходняга партнёрства", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Латвіі.
Беларусь і Латвія ў 2021 годзе разам прымуць чэмпіянат свету па хакеі. Марыс Кучынскіс выказаў надзею, што ў фінале спаборніцтваў у Мінску згуляюць зборныя Латвіі і Беларусі. "Вельмі добрае пажаданне", - заўважыў Андрэй Кабякоў.