7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Куба зацікаўлена ў набыцці беларускай сельгастэхнікі і прадуктаў харчавання. Аб гэтым на выстаўцы "Белагра-2022" паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Беларусі Санцьяга Перэс Бенітэс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На выстаўку мы прыехалі з дэлегацыяй Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці Кубы, паколькі наша краіна вельмі зацікаўлена ў набыцці вашай тэхнікі. На Кубе шмат машын, якія трэба абнаўляць і мадэрнізаваць, таму будзем весці перагаворы з беларускімі партнёрамі і прадстаўнікамі прадпрыемстваў па далейшым супрацоўніцтве ў гэтым напрамку. Нас таксама цікавяць прадукты харчавання, у прыватнасці мясная і малочная прадукцыя", - заявіў пасол.
Ён падкрэсліў, што ва ўмовах знешнеэканамічнага націску дэлегацыя Кубы сваім візітам хоча выказаць падтрымку. "Мы хочам паказаць, што Беларусь не адна, мы гатовы падтрымліваць вашу краіну. Мы хочам, каб Беларусь ведала, што нягледзячы ні на што ў яе ёсць пастаянныя верныя партнёры, якія сабраліся тут, на важнай і значнай для нас усіх выстаўцы "Белагра", - сказаў пасол.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2022" праходзіць 7-11 чэрвеня ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. У гэтым годзе ўдзел у выстаўцы прымаюць больш за 400 кампаній з розных краін, у тым ліку Кітая, Казахстана, Таджыкістана. Вялікая колькасць удзельнікаў ад Расіі - больш за 30 рэгіёнаў.