28 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас сустрэўся 27 лістапада з паслом Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
На сустрэчы субяседнікі абмеркавалі рэфармаванне Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) і пацвердзілі падтрымку абедзвюма краінамі адкрытай шматбаковай гандлёвай сістэмы, прызначанай забяспечыць стабільнае і прадказальнае асяроддзе для міжнароднага гандлю. Бакі пагадзіліся з тым, што вялікае значэнне набывае забеспячэнне ў СГА прынцыпу справядлівага развіцця і паважання інтарэсаў развітых дзяржаў, і тых краін, што сталі на шлях развіцця, - удзельніц шматбаковай гандлёвай сістэмы. Цуй Цымін запэўніў у поўнай падтрымцы Кітаем Беларусі ў перагаворным працэсе па далучэнні да СГА.
Андрэй Дапкюнас і Цуй Цымін разгледзелі ход падрыхтоўкі мерапрыемстваў па падвядзенні вынікаў Года турызму Беларусі ў Кітаі, якія павінны прайсці ў Беларусі 21-24 снежня. Была адзначана істотная актывізацыя беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння па пытаннях турызму на міжрэгіянальным узроўні і мэтазгоднасць далейшых мер па садзейнічанні пашырэнню турыстычнага абмену паміж дзвюма краінамі.