10 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кітай мае намер пашыраць імпарт беларускай прадукцыі. Аб гэтым сёння па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў Старшыня КНР Сі Цзіньпін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы адзіныя ў тым, каб паглыбіць усебаковае практычнае супрацоўніцтва пры сумесным стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Мы павінны спалучаць стратэгіі развіцця дзвюх краін, грунтоўна планаваць і каардынаваць дзеянні па пашырэнні практычнага супрацоўніцтва. Мы таксама павінны павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю, аптымізаваць яго структуру. Кітайскі бок будзе пашыраць імпарт якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з Беларусі", - заявіў Старшыня КНР.
Паводле слоў Сі Цзіньпіна, неабходна з апорай на будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка стварыць шэраг узорных праектаў.
Старшыня КНР таксама бачыць неабходнасць у актыўным умацаванні супрацоўніцтва ў частцы фінансавання праектаў, што, паводле яго слоў, дапаможа надаць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў Беларусі.
На перагаворах у Мінску бакі таксама дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў культурна-гуманітарнай сферы, у тым ліку ў адукацыі.