30 мая, Смаленск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Тавараабарот Беларусі са Смаленскай вобласцю да канца бягучага года можа перавысіць $5 млрд. Аб гэтым заявіў журналістам пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой па выніках праведзеных 29 мая перагавораў з часова выконваючым абавязкі губернатара названага расійскага рэгіёна Васіліем Анохіным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Безумоўна, Смаленская вобласць - адзін з важнейшых расійскіх рэгіёнаў, ён уваходзіць у топ-3 па тавараабароце з Беларуссю. Тыдзень таму ў час справаздачы ў Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка асобна цікавіўся сітуацыяй у Смаленскай вобласці з улікам таго, што тут памянялася кіраўніцтва. Я паведаміў, што праз тыдзень зраблю візіт у Смаленск. Кіраўнік дзяржавы перадаў пэўныя пажаданні выконваючаму абавязкі кіраўніка рэгіёна і пацвердзіў, што мы прадаўжаем увесь наш шырокі парадак дня", - расказаў Дзмітрый Крутой.
Ён падкрэсліў, што Беларусь і Смаленская вобласць павінны шукаць новыя напрамкі супрацоўніцтва, і менавіта аб гэтым ішла размова на перагаворах з часова выконваючым абавязкі губернатара. "У мінулым годзе, калі браць гандаль, ён вырас у цэлым на 13 працэнтаў. У гэтым годзе мы таксама ідзём з добрым тэмпам - плюс 8 працэнтаў. І нам трэба мець на ўвазе, што мы можам выйсці да канца года на рубеж $5 млрд тавараабароту", - спрагназаваў дыпламат.
Па выніках 2022 года тавараабарот Беларусі са Смаленскай вобласцю дасягнуў $4,9 млрд. "Калі ў чацвёртым квартале бягучага года адбудзецца афіцыйны візіт дэлегацыі Смаленскай вобласці ў Беларусь, я думаю, што на сустрэчы з Прэзідэнтам тэма гандлю будзе абмяркоўвацца асобна. Тут вялікая асаблівасць вось у чым: асноўная імпартная пазіцыя - гэта газ. І не з-за таго, што мы атрымліваем расійскі газ са Смаленскай вобласці, а таму, што тут знаходзіцца кропка ўваходу ў Беларусь і так адбываецца статыстычны ўлік паставак газу. Але гэта не адмяняе таго, што нам такія вялікія аб'ёмы імпарту трэба перакрываць іншымі пазіцыямі", - растлумачыў Дзмітрый Крутой.
Ён канстатаваў, што Беларусь пастаўляе ў Смаленскую вобласць шырокую наменклатуру тавараў. "Трэба прызнаць, што па шэрагу тавараў, у першую чаргу па пастаўках грузавікоў, трактароў і іншай беларускай тэхнікі, Смаленск выступае лагістычным хабам, - заўважыў пасол. - Але каб гэтым хабам стаць, трэба таксама стварыць умовы: па хуткай растаможцы, выплаце ўтыльзбору, іншых важных момантах "ачысткі" і падрыхтоўкі тэхнікі для продажу і пашырэння ў рэгіёнах Расіі. Смаленск гэтыя канкурэнтныя перавагі мае і ўмела імі карыстаецца".
"Вельмі добрыя напрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі. Акрамя звычайнага гандлю прадукцыяй АПК, традыцыйна вельмі высокага, мы дамовіліся з часова выконваючым абавязкі губернатара, што будуць актыўна развівацца праграмы па жывёлагадоўлі, племянной жывёле, птушкагадоўлі, і ён запрасіў беларусаў у гэтым актыўна паўдзельнічаць. Мы пачнём з Віцебскай вобласці, каб гэтыя праекты атрымалі, скажам так, рэгіянальную афарбоўку", - дадаў пасол.
Маштабныя праграмы намячаюцца ў Смаленскай вобласці і па развіцці інфраструктуры. "Калі ў гэтым годзе ўсё будзе нармальна, напэўна, упершыню за дзесяцігоддзе мы паставім у гэты рэгіён значную партыю аўтобуснай тэхнікі ў розным выкананні для абнаўлення парку пасажырскага транспарту, - паведаміў Дзмітрый Крутой. - Далей - жыллёва-камунальная гаспадарка: вельмі шмат праектаў анансавана па водаачыстцы, водазаборы, каналізацыі. Наша прадпрыемства "Палімерканструкцыя" ўжо мае прыклады паспяхова рэалізаваных тут праектаў. Але часова выконваючы абавязкі губернатара абяцаў прадаставіць пералік патрэбнасцей новых аб'ектаў, якіх вельмі шмат".
"Далей - дарожнае будаўніцтва. Часова выконваючы абавязкі губернатара актыўна за гэту тэму ўзяўся, прыйшлі федэральныя грошы. Але ў нас, на жаль, толькі віцебскія дарожнікі цяпер актыўныя, яны атрымалі літаральна свежы заказ на будаўніцтва 100 км дарог на суму 500 млн расійскіх рублёў. Цяпер мы будзем падцягваць дарожныя арганізацыі і з іншых абласцей Беларусі, таму што губернатар анансаваў гэту праграму на некалькі мільярдаў расійскіх рублёў. Беларуская якасць яго задаволіла, ён сам ездзіў глядзець канкрэтныя закончаныя ўчасткі дарог, вельмі хваліў беларускіх будаўнікоў, і мы будзем гэта прадаўжаць развіваць. Акрамя таго, тэма будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў: тут таксама фарміруецца вялікая праграма, і беларусам паабяцалі перадаць іх у першую чаргу пад вельмі добрыя федэральныя грошы", - дадаў Дзмітрый Крутой.