1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі прадпрыемстваў Беларусі прагназуюць далейшы рост аб'ёмаў вытворчасці. Аб гэтым сведчаць вынікі праведзенага НДЭІ Міністэрства эканомікі ў чэрвені кан'юнктурнага апытання кіраўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Дырэктары адзначаюць павелічэнне попыту і цэн на сваю прадукцыю, рост аб'ёмаў выпуску, у тым ліку за кошт паставак за мяжу, захаванне высокага каэфіцыента загрузкі вытворчых магутнасцей.
Больш за трэць апытаных паведамілі аб скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі і павелічэнні прыбытку.
Сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі стабільны - 3,3 месяца работы.
Прагнозныя ацэнкі асноўных паказчыкаў застаюцца пазітыўнымі. У кароткатэрміновай перспектыве менеджмент плануе рост аб'ёмаў вытворчасці, павелічэнне попыту на сваю прадукцыю і выручкі, захаванне бягучага ўзроўню занятасці.