28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У эканамічным супрацоўніцтве Пермскага края з Беларуссю трэба абапірацца перш за ўсё на прамысловую кааперацыю. Аб гэтым заявіў губернатар Пермскага края Дзмітрый Махонін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы маеце рацыю, калі гаворыце аб тым, што сённяшнія эканамічныя выклікі, якія стаяць перад нашымі краінамі, патрабуюць ад нас дадатковых імпульсаў па кансалідацыі, - сказаў кіраўнік расійскага рэгіёна, звяртаючыся да беларускага лідара. - Сумесны гандаль - гэта добра, але прамысловая кааперацыя - гэта тая аснова, на якую мы павінны абапірацца".
Ён нагадаў, што ўжо на працягу 6 гадоў рэалізуецца пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве з Беларуссю. Губернатар звярнуў увагу, што на гэты раз у склад дэлегацыі Пермскага края, якая прыбыла ў Беларусь, увайшлі не толькі чыноўнікі, але і прадстаўнікі 10 прадпрыемстваў. "Я наогул лічу, што самае эфектыўнае - калі бізнес працуе напрамую, а наша задача - ім як мінімум не перашкаджаць, а недзе, калі трэба, падказаць, дапамагчы. Мы, вядома, будзем гэтым займацца".
Гаворачы аб перспектывах прамысловай кааперацыі, Дзмітрый Махонін згадаў аб будаўнічай сферы. Ён расказаў, што ў Пермскім краі рэалізуюцца праекты па рэнавацыі жылля, абнаўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "У нас ёсць патрэбнасць у 1,7 тыс. ліфтаў для замены старога абсталявання. Мы павялічваем тэмпы жыллёвага будаўніцтва ўжо трэці год запар, будзем выходзіць на 1,5 млн кв.м жылля, а гэта дадатковыя аб'ёмы па ліфтах", - адзначыў ён. У сувязі з гэтым губернатар агучыў прапанову па лакалізацыі вытворчасці асобных камплектуючых для беларускага ліфтавага абсталявання ў Пермскім краі, што дасць магчымасць пашырыць пастаўкі ў цэлым на расійскі рынак. "Мы лічым, што сённяшнія эканамічныя рэаліі - гэта акно магчымасцей. У нас і мазгі сталі крыху інакш працаваць, мы сталі адзін на аднаго часцей звяртаць увагу, што правільна і добра", - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Як паведамлялася БЕЛТА, на неабходнасць узмацніць прамысловую кааперацыю ў час сустрэчы з губернатарам Пермскага края ўказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў некаторае зніжэнне тавараабароту з гэтым расійскім рэгіёнам і заявіў аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яго аднаўленні. "Мы павінны не проста прадэманстраваць усім, што мы абыдземся без тых, хто не хоча з намі працаваць, але мы павінны прадэманстраваць, што мы яшчэ і можам нямала. Таму мы да вашых паслуг і па пастаўках, і па кааперацыі. Таму што простым гандлем трэба займацца. Але найбольш надзейны варыянт - гэта калі мы звязаны адзін з адным і нашы прадпрыемствы працуюць па кааперацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.