4 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец патрабуе паскорыць работы па рэалізацыі праекта "Мінск-Мір". Такую задачу ён паставіў сёння на рабочай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў усіх маючых дачыненне да забудовы гэтай тэрыторыі дзяржаўных структур, а таксама кампаніі-забудоўшчыка і інвестара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён нагадаў, што раней на гэтай тэрыторыі планавалася рэалізаваць праект "Мінск-Сіці". У прыватнасці, да 2020 года павінны былі быць узведзены культурна-дзелавы цэнтр, жыллё, інфраструктура, сацыяльныя аб'екты, аднак папярэднім інвестарам пабудавана толькі некалькі жылых дамоў. У верасні 2014 года кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб рэалізацыі тут інвестыцыйнага праекта "Эксперыментальны шматфункцыянальны комплекс "Мінск-Мір". Заказчыкам выступае замежнае прадпрыемства "Дана Астра", а таксама частка рэспубліканскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Інвестару і забудоўшчыку прадастаўлены шырокі комплекс ільгот і прэферэнцый.
Аляксандр Косінец лічыць, што забудову тэрыторыі можна правесці на працягу пяці гадоў. На яго думку, гэта будзе выгадна як заказчыкам, так і інвестарам. "Патрабую правесці аналіз інвестдагавора, даць яму юрыдычную ацэнку. Чаму інвестдагавор расцягнуты на 15 гадоў? Пры наяўнасці добрага фінансавання, правільнай арганізацыі можна за 5 гадоў пабудаваць гэтыя 1,8 млн кв.м жылля", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. У краіне існуе мноства тыпавых праектаў школ, дзіцячых садоў, жылых дамоў. Адзіным, на яго погляд, складаным аб'ектам комплексу з'яўляецца Міжнародны фінансавы цэнтр, на будаўніцтва якога можа спатрэбіцца больш часу.
Аляксандр Косінец паставіў задачу перагледзець інвестыцыйны дагавор, тэрміны будаўніцтва і максімальна выканаць усе работы на працягу 2015-2020 гадоў з тым, каб ужо да 2025 года комплекс прыносіў фінансавую аддачу.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта раскрытыкаваў удзельнікаў нарады за адсутнасць архітэктурнага праекта забудовы. Ён запатрабаваў распрацаваць і прадставіць такі праект да канца 2015 года.
"У нас заўсёды будуецца спальны раён, а толькі потым наўздагон сацыяльная інфраструктура: школы, дзіцячыя сады, аптэкі, гандлёвыя, спартыўныя аб'екты, паркі, аб'екты для адпачынку", - заўважыў Аляксандр Косінец, запатрабаваўшы пачаць праектаванне гэтых аб'ектаў ужо на пачатковым этапе забудовы. На яго думку, трэба таксама выкарыстоўваць перадавы сусветны вопыт у будаўніцтве. Аляксандр Косінец закрануў праблему парковак, адзначыўшы: сталіцы неабходна сканцэнтраваць намаганні на стварэнні камбінаваных - наземных і падземных - стаянак для аўтатранспарту.
Што датычыцца вызвалення тэрыторыі пад будаўніцтва комплексу, то кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта акцэнтаваў увагу прысутных: ні ў якім разе не павінны быць пакрыўджаны людзі. Цяпер падлягае зносу амаль сотня дамоў, у якіх пражывае 15,5 тыс. чалавек. "Не крыўдзіце людзей - жыльцоў, уласнікаў прадпрыемстваў, работнікаў", - сказаў Аляксандр Косінец. Ён даручыў прадугледзець дастатковую колькасць фінансавых сродкаў на кампенсацыю людзям, чыё жыллё падлягае зносу.
Аляксандр Косінец нагадаў, што да 1 студзеня 2016 года аэрапорт Мінск-1 спыніць сваю дзейнасць, да пачатку 2017 года будзе закрыта ўзлётна-пасадачная паласа, а да 1 студзеня 2018 года павінен быць пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю авіярамонтны завод, вынесены з тэрыторыі аэрапорта. Такім чынам, ён падкрэсліў, што на працягу 2015-2017 гадоў тэрыторыя аэрапорта павінна быць поўнасцю вызвалена пад будаўніцтва комплексу "Мінск-Мір". Некранутым застанецца толькі будынак аэрапорта, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Косінец канстатаваў, што работы на аб'екце пакуль не вядуцца належным чынам. "Абсалютна на нулявым этапе знаходзіцца ўся работа. Вы заключылі інвестдагавор, але ён не працуе, - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, звяртаючыся да прысутных. - Павінен быць дакладны графік выканання работ, каб большая іх частка была выканана за 5 гадоў. Нам трэба актывізаваць усе свае магчымасці, намаганні. У нас дастаткова для гэтага людскіх рэсурсаў".
Аляксандр Косінец адзначыў, што мае намер з сакавіка праводзіць такія рабочыя нарады штотыднёва.