Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

16 Ліп 2021

Колькасць электрамабіляў у Беларусі павялічылася да 4 тыс. - Каранкевіч

Колькасць электрамабіляў у Беларусі павялічылася да 4 тыс. - Каранкевіч
Фота з архiва

16 ліпеня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Колькасць электрамабіляў у Беларусі павялічылася да 4 тыс. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч сёння ў час мерапрыемства да Дня электратранспарту ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паводле апошніх даных, колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 4 тыс. За першае паўгоддзе 2021 года ў нашу краіну ўвезена 2112 электрамабіляў - гэта крыху больш, чым за ўвесь мінулы год (1810 аўто). Расце аб'ём спажывання электраэнергіі зараднымі станцыямі для электрамабіляў - за пяць месяцаў бягучага года ён склаў 3,8 млн кВт.гадз, што на 23 працэнты больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года", - сказаў Віктар Каранкевіч.

Паводле яго слоў, 2020 год наглядна паказаў, што вядучыя краіны свету пачалі рух да глабальнай электрыфікацыі транспарту. У мінулым годзе ў свеце было прададзена больш за 3 млн электрамабіляў. Іх агульная колькасць перавысіла 10 млн адзінак. Паводле прагнозаў Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года сусветны парк электрамабіляў можа вырасці да 145 млн. Пра свой намер адмовіцца ад выпуску аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання ўжо аб'явілі буйнейшыя аўтаканцэрны. Дынамічна абнаўляецца і парк гарадскога электрычнага транспарту, а гэта якасна новыя магчымасці ў сферы абслугоўвання спажыўцоў і скарачэння шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе. Паводле прагнозаў міжнародных даследчых цэнтраў, доля электробусаў да 2030 года вырасце да 30 працэнтаў.

"У павышэнні ўзроўню электрамабільнасці зацікаўлена і наша краіна. Для гэтага ствараюцца неабходныя ўмовы, прыняты стымулюючыя меры. Развіццё электратранспарту, пашырэнне сеткі зарадных станцый абазначана кіраўніком дзяржавы як адны з важных задач у гэтай пяцігодцы. Будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі - гэта новыя магчымасці для ўмацавання патэнцыялу галіны", - падкрэсліў кіраўнік Мінэнерга.

Міністр адзначыў, важна, што на электрамабілі пачынаюць пераходзіць не толькі нашы грамадзяне, але і прамысловыя прадпрыемствы. "Эканомія ад іх выкарыстання важкая. Гэта на сваім прыкладзе адчула "Гомельэнерга", якое адным з першых сярод энергазабеспячальных арганізацый рэалізавала пілотны праект па абнаўленні аўтапарка электрамабілямі. Разглядаюцца магчымасці закупкі электратранспарту і іншымі арганізацыямі энергасістэмы", - падкрэсліў ён.

Віктар Каранкевіч выказаў упэўненасць, што ў электратранспарту добрае будучае і ўжо ў бліжэйшай перспектыве попыт на яго значна вырасце, у тым ліку і ў Беларусі.

Дзень электратранспарту ў "Вялікім камені" сабраў шырокае кола прадпрыемстваў і кампаній, дзейнасць якіх звязана з электратранспартам, прадстаўнікоў прамысловага комплексу, вучоных, кампаній - імпарцёраў электрамабіляў.

На выстаўцы прадстаўлены як легкавыя аўто, так і спецтэхніка на электрацязе. Напрыклад, лёдазалівачная машына МТЗ. Сярод экспанатаў - электробусы "Белкамунмаш" і МАЗ, адны з апошніх мадэлей электрамабіляў Tesla, BMW, Chevrolet. Тут можна ўбачыць і самы маленькі электрамабіль у Беларусі, а таксама новыя мадэлі электраматацыклаў, электраскутараў і электравеласіпедаў. Праграма мерапрыемства ўключае тэст-драйвы, спаборніцтвы для аматараў язды на монаколах, а таксама заезд дзіцячых гоначных электракараў, арганізаваны дзяржкарпарацыяй "Расатам".

У рамках Дня электратранспарту пройдзе круглы стол "Перспектывы развіцця электратранспарту і зараднай інфраструктуры ў Беларусі". Яго ўдзельнікі абмяркуюць найбольш актуальныя пытанні рэалізацыі комплекснай праграмы развіцця электратранспарту на 2021-2025 гады, а таксама прагнозы развіцця рынку электрамабіляў з улікам дзеючых стымулюючых мер і планаў па развіцці зараднай інфраструктуры.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства энергетыкі і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі