25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Казахстан зацікаўлены ў пастаўках беларускага цукру і тэхналогіях яго вытворчасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Белдзяржхарчпрам".
Сёння старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Анатоль Бубен сустрэўся з міністрам сельскай гаспадаркі Казахстана Сапарханам Амаравым, а таксама з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці гэтай краіны.
Замежная дэлегацыя прыехала ў Мінск, каб заключыць некалькі дагавораў аб імпарце беларускіх тавараў. У першую чаргу замежныя кампаніі зацікаўлены ў пастаўках беларускага цукру. Прадукт запатрабаваны не толькі на паліцах магазінаў, але і ў перапрацоўчай галіне.
"Спачатку мы павінны забяспечыць унутраны рынак Беларусі цукрам, але і ў Казахстан абавязкова знойдзем магчымасць лішкі гэтага прадукту экспартаваць", - адзначыў Анатоль Бубен.
Зрэшты, цікавы прадстаўнікам замежнай дэлегацыі не толькі салодкі прадукт, але і тэхналогіі яго вытворчасці. На беларускіх прадпрыемствах была праведзена мадэрнізацыя абсталявання, і на сённяшні дзень айчынныя тэхналогіі нічым не ўступаюць еўрапейскім. Таму калегам з Казахстана ёсць на што паглядзець.
"Першай пазіцыяй у экспартным пераліку з'яўляецца цукар, таксама попытам карыстаюцца солад, соль, плодаагароднінная прадукцыя, гарэлка і лікёра-гарэлачная прадукцыя, кандытарскія вырабы, мыла", - расказалі ў прэс-службе.