2 сакавіка, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Казахстан гатовы прадаваць нафту Беларусі пры ўмове выплаты экспартнай пошліны. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Кайрат Тарэбаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша краіна, калі экспартуе нафту, выкарыстоўвае мытную пошліну. На нафту яна ў памеры $60 за тону і каля $30 - за перапрацаваны прадукт", - адзначыў Кайрат Тарэбаеў.
"Беларусь, у выпадку заключэння пагаднення паміж нашымі краінамі, павінна будзе таксама выкарыстоўваць гэту экспартную пошліну, каб не было ператокаў нафты з Казахстана ў Еўрапейскі саюз праз яе тэрыторыю. Нам трэба засцерагчы свой рынак у тым плане, каб не было рээкспарту. Паводле нашых разлікаў, калі мы не будзем выкарыстоўваць гэты механізм, страты складуць каля $200 млн з улікам таго, што цяпер патрэбнасць Беларусі, якая нам была агучана, складае 3,5 млн т нафты", - паведаміў віцэ-міністр.
На яго думку, пагадненне паміж Беларуссю і Казахстанам па пастаўках нафты павінна быць заключана, таму што гэта ў інтарэсах абедзвюх краін. "Мы спадзяёмся, што беларускія калегі змогуць правільна садміністраваць гэта пытанне і гарантаваць нам тое, што не будзе рээкспарту, а той тавар, які будзе вырабляцца на НПЗ Беларусі, будзе спажывацца ўнутры краіны, - падкрэсліў Кайрат Тарэбаеў. - Мы чакаем механізма гарантавання, для гэтага ёсць шырокі спектр магчымых рашэнняў, напрыклад, зрабіць балансны аналіз і аналіз таго, дзе і кім нафтапрадукты будуць спажывацца".
Таксама віцэ-міністр паведаміў, што цяпер перагаворы ідуць, пагадненне аб пастаўках нафты будзе падпісана, як толькі беларускі бок прадаставіць механізм гарантавання.