30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні двухбаковага тавараабароту з Якуціяй. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Саха (Якуція) Расіі Айсенам Нікалаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь асабліва зацікаўлена ў стварэнні ўмоў для нарошчвання двухбаковага таварабаароту, адзначыў Віктар Каранкевіч. У першую чаргу ён абазначыў перспектывы ў сферы прамысловасці і звярнуў увагу дэлегацыі на прадукцыю беларускага машынабудавання.
"У святле запланаваных і рэалізуемых на тэрыторыі Якуціі маштабных інвестыцыйных праектаў у горназдабыўной галіне і неабходнасці замены санкцыйнай імпартнай тэхнікі ў нас існуе магчымасць нарасціць супрацоўніцтва як па традыцыйных пастаўках велікагрузных самазвалаў, так і па новых напрамках. Прадпрыемствы Якуціі ўжо знаёмы з якасцю велікагрузных аўтамашын БЕЛАЗ, самаходнай тэхнікі маркі "АМКАДОР" і МТЗ", - расказаў віцэ-прэм'ер.
Акрамя кар'ернай тэхнікі і горназдабыўнога абсталявання, Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці рэгіёна ў любой прадукцыі машынабудавання - грузавой, камунальнай, спецыяльнай і сельскагаспадарчай.
"Таксама можам забяспечыць механізмы фінансавага суправаджэння паставак і якаснае гарантыйнае і постгарантыйнае абслугоўванне. Пры вашай зацікаўленасці ў выбары нашай тэхнікі і стабільна высокіх аб'ёмах яе паставак мы гатовы разгледзець пытанне аб арганізацыі ў Рэспубліцы Саха адзінага спецыялізаванага цэнтра па рэалізацыі, абслугоўванні і рамонце беларускай тэхнікі", - заявіў Віктар Каранкевіч.
З улікам высокіх аб'ёмаў уводу жылля, а таксама маштабнай рэалізацыі праектаў комплекснага развіцця тэрыторый Якуціі, намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу на магчымасці беларускіх праектных арганізацый, якія даволі актыўна і паспяхова працуюць у розных рэгіёнах Расіі. Акрамя таго, адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з'яўляецца беспілотная авіяцыйнай тэхніка. "У нас напрацаваны дастатковы вопыт у вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў, сфера прымянення якіх вельмі шырокая. Гэта аэрафотаздымка, маніторынг будоўляў, аб'ектаў жыллёва-камунальнай, дарожнай гаспадаркі, энергетыкі, выкарыстанне для патрэб сістэмы прыродаахоўнай дзейнасці, сельскай гаспадаркі, транспарціроўкі грузаў", - расказаў віцэ-прэм'ер.
Ведаючы пра поспехі Якуціі ў развіцці ІТ-тэхналогій, Беларусь гатова да ўзаемадзеяння з Рэспублікай Саха і тут. "Гэта датычыцца напрамку імпартазамяшчэння праграмнага забеспячэння з такімі арганізацыямі, як Парк высокіх тэхналогій і індустрыяльны парк "Вялікі камень", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.
Таксама Беларусь бачыць добрыя рэзервы для паглыблення ўзаемадзеяння ў сферы АПК, у прыватнасці магчымасці абмену вопытам, тэхналогіямі, спецыялістамі. "Беларускі бок гатовы актывізаваць свой удзел у праграмах развіцця сельскай гаспадаркі Якуціі. Прапаную разгледзець наш накоплены вопыт і тэхналогіі ў жывёлагадоўлі, племянной справе, падрыхтоўцы прафесійных кадраў для сельскагаспадарчай сферы. Усё гэта ўжо даказала сваю эфектыўнасць і з'яўляецца асновай росту аграрнага сектара эканомікі нашай краіны", - заявіў віцэ-прэм'ер. Беларусь можа забяспечыць патрэбнасці Якуціі ў камплектаванні сельскагаспадарчых комплексаў, малочнатаварных ферм, цяплічных гаспадарак неабходным абсталяваннем, у ветэрынарных прэпаратах, а таксама ў камбікорме для свіней, буйной рагатай жывёлы, птушак, рыб.
Беларусь, акрамя таго, зацікаўлена ў павелічэнні паставак харчовых тавараў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў Расійскай Федэрацыі дзякуючы высокай якасці. "Гатовы таксама абмеркаваць перспектывы паставак у Беларусь якуцкай нацыянальнай прадукцыі", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Яшчэ адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, у якім у Беларусі ёсць адпаведныя кампетэнцыі, з'яўляецца сфера водаачысткі. "Для вырашэння пытанняў якасці вады ёсць магчымасць пастаўкі абсталявання для водаачысткі, водападрыхтоўкі і водаадвядзення з высокімі эксплуатацыйнымі характарыстыкамі. Гэта абсталяванне валодае такімі важнейшымі канкурэнтнымі перавагамі, як нізкія затраты на штомесячнае тэхабслугоўванне пры высокай ачышчальнай здольнасці, з наяўнасцю неабходных рашэнняў пры выкарыстанні мабільных станцый, - расказаў віцэ-прэм'ер. - У Бларусі ёсць тыпавыя праекты смеццеперапрацоўчых заводаў, смеццесартавальных комплексаў, якія ажыццяўляюць змешаны або раздзельны збор і транспарціроўку камунальных і бытавых адходаў. Маем тэхналогіі механіка-біялагічнай перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Ёсць магчымасць забяспечыць пастаўкі сучасных смеццявозаў МАЗ з сістэмамі задняй і бакавой загрузкі і шасцікратным каэфіцыентам ушчыльнення смецця".
Гэта толькі некаторая частка тых напрамкаў, якія могуць закласці базіс у актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Якуціі, дадаў намеснік кіраўніка беларускага ўрада. "Гэтых агульных напрамкаў можа быць значна больш. Нам важна разумець ваша бачанне і зацікаўленасць, каб вызначыць агульныя кропкі росту па ўсіх галінах", - звярнуўся віцэ-прэм'ер да кіраўніка Якуціі.