21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Доля электраэнергіі, якая выпрацоўваецца БелАЭС, перавышае ўжо чвэрць аб'ёму яе вытворчасці ў краіне. І будзе расці. Беларусь у перспектыве можа стаць адным з сусветных лідараў па ўзроўні атамнай генерацыі ў агульным энергабалансе. У эканоміках толькі пяці краін свету энергія ад АЭС перавышае 40 працэнтаў у агульнай выпрацоўцы. Аб гэтым у інтэрв'ю часопісу "Экономика Беларуси" расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Беларусь стала першай замежнай пляцоўкай, дзе дзяржкарпарацыя "Расатам" пабудавала атамную станцыю з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) пакалення 3+ з павышанымі характарыстыкамі бяспекі. Па рэферэнтным праекце пабудаваны атамныя энергаблокі ў Расіі, плануюцца да ўводу ў Егіпце, Турцыі, Венгрыі, Бангладэш.
"Мірны атам забяспечвае выпрацоўку больш як 10 працэнтаў электраэнергіі ў свеце. Усяго эксплуатуецца каля 440 энергаблокаў. Толькі ў мінулым годзе запусцілі 6 новых рэактараў. Паводле апошняга прагнозу МАГАТЭ, да 2050-га магутнасць АЭС у свеце вырасце больш як у два разы, да 890 Гвт, - удакладніў Віктар Каранкевіч. - Аб намерах пабудаваць АЭС заявілі Балгарыя, Латвія, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя і іншыя. Зусім нядаўна 12 еўрапейскіх дзяржаў выступілі з ініцыятывай стварыць прамысловы альянс для зацікаўленых у малых модульных ядзерных рэактарах".