20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'яднаны рынак электраэнергіі Саюзнай дзяржавы пачне працаваць з 1 студзеня 2024 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у прэс-цэнтры БЕЛТА.
Цяпер распрацоўваецца міждзяржаўны дагавор аб фарміраванні аб'яднанага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы. На ўзроўні профільных арганізацый адпрацоўваюцца рэжымы сумеснай работы, умовы ўзаемадзеяння для прадаўцоў і пакупнікоў электраэнергіі, пытанні развіцця інфраструктуры.
"У адпаведнасці з саюзнай праграмай аб'яднаны рынак электраэнергіі пачне працаваць з 1 студзеня 2024 года. З гэтага моманту пачне дзейнічаць механізм гандлю паміж упаўнаважанымі арганізацыямі нашых краін. З 1 студзеня 2027 года плануецца пераход да больш глыбокай інтэграцыі, якая дасць магчымасць суб'ектам гаспадарання на роўных умовах удзельнічаць у агульным рынку электраэнергіі", - сказаў Віктар Каранкевіч.