Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

19 Крс 2018

Кантракты на $20 млн заключаны ў час беларуска-малдаўскага бізнес-форуму ў Кішынёве

19 красавіка, Кішынёў /Кар. БЕЛТА/. Кантракты і пагадненні на $20 млн заключаны ў час беларуска-малдаўскага форуму дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Кішынёве. Аб гэтым па выніках мерапрыемства расказаў журналістам старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Такія форумы надаюць імпульс супрацоўніцтву. У нейкай ступені гэта іміджавыя мерапрыемствы, паколькі можна паказаць сваю прадукцыю. Але галоўны рэзультат - гэта тое, што застаецца ў выглядзе кантрактаў. Падпісана 16 пагадненняў і кантрактаў на агульную суму (тое, што мы ведаем у канкрэтных лічбах) большую за $16 млн. Але ёсць кантракты, якія застаюцца камерцыйнай тайнай. Таму, паводле нашых ацэнак, мы планку $20 млн на гэтым форуме ўзялі", - заявіў Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, у Беларусі і Малдовы ёсць добрыя магчымасці для далейшага пашырэння супрацоўніцтва. Размова ідзе як аб развіцці ўжо існуючых сумесных прадпрыемстваў па зборцы тралейбусаў і трактарнай тэхнікі, так і стварэнні новых. "На падыходзе "МАЗ", шэраг іншых нашых машынабудаўнічых гігантаў, нават такіх як "Магілёўліфтмаш". Рынак тут вялікі", - сказаў старшыня БелГПП.

Уладзімір Улаховіч удакладніў, што прыкладна 60 беларускіх кампаній ужо маюць свае прадстаўніцтвы ў Малдове.

З сумесна вырабленай прадукцыяй краіны ў далейшым могуць выходзіць і на іншыя рынкі, у тым ліку такіх інтэграцыйных аб'яднанняў, як ЕС і Еўразійскі эканамічны саюз. Гэтаму садзейнічае, з аднаго боку, пагадненне аб асацыяцыі паміж Малдовай і ЕС, а з іншага - членства Беларусі ў ЕАЭС.

"Нішы (для развіцця супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА) ёсць заўсёды і самыя шырокія. Гэта і перапрацоўка прадуктаў харчавання, аграрны сектар. І тут не толькі наша сельгастэхніка, але і нашы тэхналогіі, сумесная вытворчасць. Гэта больш глыбокае і грунтоўнае супрацоўніцтва. Новая ніша, якую мы сёння адкрылі, - гэта фармацэўтыка. Беларусь выпускае сур'ёзную наменклатуру лекавых прэпаратаў па сацыяльнай цане. Таму мы адкрываем новыя магчымасці, яны заўсёды ёсць", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Ён дадаў, што ў Малдове прадстаўлена і беларуская нафтахімічная прадукцыя, карыстаецца попытам тэкстыль.

"У нас сапраўды вялікія і сур'ёзныя магчымасці. Сітуацыя на глабальным рынку проста абавязвае невялікія краіны працаваць разам. І ў гэтым наша будучыня", - рэзюмаваў старшыня БелГПП.

У форуме дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі бізнес-колаў, але і кіраўніцтва гарадоў і раёнаў дзвюх краін. Для дэлегатаў была арганізавана выстаўка камунальнай тэхнікі і іншай беларускай прадукцыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі