4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канструктары МАЗа пачалі распрацоўку электробуса. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік галоўнага канструктара службы галоўнага канструктара па аўтобусах (СГКА) прадпрыемства Васіль Уладыцкі.
"Адзін з апошніх праектаў нашага аддзела - гэта распрацоўка канструктарскай дакументацыі на электробус. Мы пакуль паспелі зрабіць толькі тэхнічнае заданне, але разумеем, што цяпер трэба вельмі хутка даваць новыя прадукты і знаходзіць новыя рынкі збыту. Таму праект павінен развівацца інтэнсіўна, думаю, да вясны ўжо будзе гатовы доследны ўзор", - адзначыў ён.
Васіль Уладыцкі растлумачыў, што такі аўтобус не будзе аснашчаны рухавіком унутранага згарання, а будзе працаваць на накапляльніках энергіі - магчыма, літый-іонных батарэях. "Пакуль мы не вызначыліся з накапляльнікамі энергіі, хутчэй за ўсё гэта частка праекта будзе аддадзена на аўтсорсінг. У якасці аднаго з варыянтаў разглядаюцца румынскія партнёры", - паведаміў намеснік галоўнага канструктара. Ён падкрэсліў, што гэты прадукт будзе экспартаарыентаваным, нацэленым на рынак Еўрапейскага саюза.
Мінскі аўтамабільны завод створаны ў 1944 годзе. У 2009 годзе пераўтвораны ў ААТ "МАЗ", з 2012-га ААТ "МАЗ" стала кіруючай кампаніяй холдынга "БелаўтаМАЗ". У склад холдынга ўваходзяць 10 прадпрыемстваў, на якіх працуюць амаль 30 тыс. чалавек. Холдынг вырабляе седлавыя цягачы, бартавыя, сярэднетанажныя аўтамабілі, самазвалы, лесавозы, сартыментавозы, аўтамабілі павышанай праходнасці, аўтамабілі-шасі пад камплектацыю ўсемагчымага спецабсталявання і ўстановак. МАЗ выпускае больш за 500 мадэлей і мадыфікацый грузавых аўтамабіляў і 17 базавых мадэлей і каля 100 мадыфікацый пасажырскай тэхнікі.