22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мюслі, нуга, камбінаваныя цукеркі і шакалад з двайной начынкай - такія таварныя пазіцыі ўвайшлі ў асартыментны пералік кандытарскіх фабрык канцэрна "Белдзяржхарчпрам" пасля рэалізацыі звыш 30 імпартазамяшчальных праектаў. Аб гэтым на семінары ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па харчаванні карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік начальніка ўпраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аксана Блізнюк.
Тэмай семінара сталі практычныя аспекты зніжэння ў саставе колькасці цукру і прымянення інгрэдыентаў для яго замены пры вырабе кандытарскіх вырабаў. Не першы год кандытарскія фабрыкі канцэрна - "Камунарка", "Спартак", "Слодыч", "Чырвоны харчавік", "Чырвоны харчавік - Слаўгарад" і "Чырвоны Мазыранін" - паспяхова працуюць па абодвух напрамках і ганарацца пэўнымі поспехамі.
"Кандытарская галіна сёння з'яўляецца самай развітой у харчовай прамысловасці рэспублікі і мае ўстойлівы спажывецкі попыт. Наш пакупнік хоча каштаваць новыя віды прадукцыі, таму мы няспынна праводзім мадэрнізацыю на нашых прадпрыемствах. За апошнія пяць гадоў кандытарскія прадпрыемствы канцэрна "Белдзяржхарчпрам" рэалізавалі больш за 30 імпартазамяшчальных праектаў. Дзякуючы гэтаму на паліцах нашых магазінаў можна ўбачыць беларускую нугу, камбінаваныя цукеркі, шакалад з двайнымі начынкамі, раней не было ў нас і батончыкаў мюслі. Сёння ўсе гэтыя тавары ёсць у партфелях нашых прадпрыемстваў", - расказала Аксана Блізнюк.
На 1 студзеня кандытарскія фабрыкі канцэрна вырабляюць больш за 5 тыс. найменняў тавараў па звыш 1,5 тыс. распрацаваных рэцэптур, што дае магчымасць задавольваць патрэбнасці самых патрабавальных спажыўцоў. У 2023 годзе прадпрыемствы канцэрна вырабілі 1,6 тыс. т кандытарскіх вырабаў (тэмп росту - 128,6 працэнта), за 1 квартал 2024-га - 0,5 тыс. т.
"Нашы беларускія кандытары пільна сочаць за сусветнымі трэндамі, якія дыктуюць прыхільнасць да здаровага харчавання. У сувязі з гэтым у нашым асартыменце з'явіліся тавары для ЗЛЖ, доля якіх ад агульнага аб'ёму вытворчасці складае 2 працэнты. У цэлым, мы можам гаварыць аб тым, што пасля пандэміі беларускі пакупнік стаў больш увагі ўдзяляць здароўю і выбіраць прадукты харчавання, зыходзячы з гэтага. Мы ў рэчышчы гэтай тэндэнцыі правялі мадэрнізацыю і сёння выпускаем прадукцыю з паніжанай колькасцю цукру, з павышанай харчовай каштоўнасцю, з бялком, з калагенам. Прадстаўлены цэлыя лінейкі тавараў для людзей з рознымі захворваннямі, уключаючы хворых на дыябет. У гэтыя лінейкі ўваходзіць вялікі пералік кандытарскіх вырабаў: пячэнне, шакалад, халва, зефір, паста з бялком", - удакладніла намеснік начальніка ўпраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна "Белдзяржхарчпрам".
Закрануўшы тэму лідараў спажывецкага попыту, Аксана Блізнюк згадала запатрабаваны ў пакупнікоў шакалад з высокай колькасцю ў саставе какава-прадуктаў або без цукру, які выпускаюць і "Спартак", і "Камунарка". У выбары жаданага прадукту пакупніку дапамагае добра арганізаванае памяшканне фірменных магазінаў, дзе на адпаведныя паліцы і стэнды ўказваюць надпісы "Прадукцыя для здаровага харчавання".
Ганарыцца "Белдзяржхарчпрам" і некаторымі ўнікальнымі таварнымі пазіцыямі з маркіроўкай "для дзіцячага і дашкольнага харчавання". "Слодыч" не першы год выпускае шырокі асартымент падобнага пячэння, а "Чырвоны харчавік" не так даўно запусціў вытворчасць мармеладу.
"Нашы тэхнолагі і маркетолагі для азнаямлення з кандытарскімі навінкамі, у тым ліку з мінімальнай колькасцю ў саставе цукру, рэгулярна выязджаюць на выстаўкі, высвятляюць, што могуць узяць у абарот. Але арыентаваны мы ў першую чаргу, вядома, на выкананне патрабаванняў усіх тэхрэгламентаў. Складаныя рэцэптуры, прызначаныя для людзей з праблемамі са здароўем, мы распрацоўваем сумесна са спецыялістамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні. Усе рэцэптуры ўзгадняюцца з Міністэрствам аховы здароўя", - заўважыла Аксана Блізнюк.