3 чэрвеня, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. У Беларусі неабходна наладзіць уласную вытворчасць энергаэфектыўнага абсталявання. Аб гэтым заявіў у час рэспубліканскага семінара-нарады па актуальных пытаннях развіцця будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Гродне намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікі семінара пабывалі на будаўніцтве новага энергаэфектыўнага 120-кватэрнага дома ў Гродне. Чакаецца, што пры прымяненні сучасных тэхналогій, якія выкарыстоўваюць энергію сонца, зямлі, вады і сцёкаў, цепласпажыванне новага дома будзе да 10 разоў ніжэйшым, чым у сярэднім па краіне.
"Так, на сённяшнім этапе ўзвядзенне такога дома ў параўнанні са звычайным павялічвае кошт на 15 працэнтаў. Знізіць затраты ў час серыйнага будаўніцтва такіх дамоў дасць магчымасць укараненне ўласнай вытворчасці энергаэфектыўнага цеплавога і цеплатэхнічнага абсталявання", - адзначыў Анатоль Калінін.
Аналагічныя праекты пры падтрымцы ПРААН рэалізуюцца таксама ў Магілёве і Мінску.
"Галоўнае для нас сёння - гэта чалавек і яго камфортнае пражыванне. Бачым, што недастатковую ўвагу ўдзяляем спажыўцу нашых паслуг у сферы ЖКГ пры пражыванні ў доме. Адсюль вынікае і тэма энергаэфектыўнасці жылога асяроддзя. У мінулай пяцігодцы значна рушылі наперад у сферы ўкаранення новых тэхналогій - ад агараджальных канструкцый і энергаэфектыўнага шкла да сістэм рэкуперацыі. У будучыя пяць гадоў перад намі стаіць задача: не менш як 60 працэнтаў уведзенага жылля павінна быць у энергаэфектыўным выкананні", - падкрэсліў Анатоль Калінін.
У Гродне 3-4 чэрвеня праходзіць рэспубліканскі семінар-нарада па актуальных пытаннях развіцця будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Удзельнікі семінара знаёмяцца з вытворчым патэнцыялам будаўнічых арганізацый рэгіёна, вывучаюць вопыт укаранення энергаэфектыўных і інавацыйных тэхналогій, работы з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі на прыкладзе прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. Адпрацоўваюцца пытанні арганізацыі работ у будаўнічай галіне, павышэння культуры вытворчасці і зніжэння затрат. Яшчэ адной важнай тэмай семінара стала перапрацоўка і выкарыстанне другаснай сыравіны.
Такія семінары плануецца правесці ва ўсіх рэгіёнах краіны. Наступны ў бліжэйшы час прыме Віцебская вобласць.