11 студзеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін правёў першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта для падрыхтоўкі і правядзення 17-21 красавіка 2017 года ў Мінску XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТІБО", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На форуме неабходна абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні ўкаранення перспектыўных тэхналогій у Беларусі з улікам міжнароднага вопыту. Гэта адытыўныя тэхналогіі, 3D-друк, апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных, "Інтэрнэт рэчаў". Гэта ў тым ліку і электронны ўрад, які мы ўсяляк пашыраем", - адзначыў Анатоль Калінін.
Таксама ён паставіў задачу максімальна поўна прадставіць Парк высокіх тэхналогій. "Неабходна прадставіць ва ўсёй красе ўсё, што створана. А створана нямала. Многія замежныя госці, наведваючы гэту пляцоўку, адзначаюць істотны рух краіны ў гэтым напрамку", - сказаў Анатоль Калінін. Акрамя таго, віцэ-прэм'ер даручыў шырока асвятліць работу форуму ў СМІ, у тым ліку ў замежных.
Анатоль Калінін нагадаў, што ў апошнім рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі Беларусь заняла 31-е месца па ўзроўні развіцця ІКТ. "Мы па-ранейшаму займаем першае месца сярод краін СНД. Гэта значыць, што, з аднаго боку, нам ёсць што паказаць, з іншага - ёсць да чаго імкнуцца. Па выніках "ТІБО-2016" усе спецыялісты адзначылі высокі ўзровень арганізацыі праведзеных мерапрыемстваў. Лічу, што ў гэтым годзе мы павінны яшчэ вышэй падняць планку", - сказаў ён.