28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін сёння на пасяджэнні калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выказаўся за неабходнасць развіцця канкурэнцыі ў прадастаўленні паслуг 4G, тэхналогій "разумны дом" і Big Data ("вялікія даныя"), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
На калегіі заслуханы даклад міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея Папкова аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны за студзень-чэрвень і задачах па выкананні прагнозных паказчыкаў 2016 года, справаздачы кіраўнікоў арганізацый галіны.
Анатоль Калінін азнаёміў з ацэнкай рэзультатаў работы эканомікі рэспублікі і пры гэтым адзначыў, што па выніках работы за першае паўгоддзе ў цэлым па Мінсувязі прагназуецца выкананне ўсіх даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Па выніках пасяджэння калегіі віцэ-прэм'ер даў даручэнні аб выпрацоўцы дадатковых мер для прыцягнення прамых замежных інвестыцый і нарошчвання экспарту паслуг.
Асаблівая ўвага ўдзелена неабходнасці павышэння якасці паслуг сотавай рухомай электрасувязі і развіццю канкурэнцыі ў частцы прадастаўлення паслуг з выкарыстаннем сеткі чацвёртага пакалення 4G (LTE).
Таксама намеснік прэм'ер-міністра даручыў развіваць інфарматызацыю, каардынаваць пераход дзяржаўных органаў да электроннага ўрада з распрацоўкай адпаведнага праекта нарматыўнага прававога акта.
Дадаткова даручана ўкараняць у Беларусі новыя напрамкі, у тым ліку тэхналогіі "разумны дом" і Big Data ("вялікія даныя").