13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 95 працэнтаў у агульным аб'ёме экспарту паслуг з Беларусі ў ЗША складаюць IT-паслугі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Паўла Шыдлоўскага, у 2016 годзе Беларусь экспартавала ў ЗША паслугі на суму амаль $400 млн. У бягучым годзе Беларусь разлічвае павялічыць экспарт паслуг у гэту краіну на 20 працэнтаў.
Паводле яго слоў, на амерыканскі рынак IT-паслуг выходзіць усё большая колькасць беларускіх кампаній. "Агульная тэндэнцыя ў тым, што гэтыя кампаніі працуюць больш у напрамку стварэння ўласнага праграмнага прадукту, а не ў сферы аўтсорсінгу", - звярнуў увагу Павел Шыдлоўскі.
У гэтым годзе ў Маямі была прадстаўлена нацыянальная экспазіцыя Беларусі. І амерыканскія кампаніі, дзелавая супольнасць, кіраўніцтва вядучых універсітэтаў рэгіёна праявілі цікавасць да наладжвання супрацоўніцтва з Беларуссю менавіта ў ІТ-сферы, дадаў ён.
Адзначаецца таксама пазітыўная дынаміка экспарту беларускіх тавараў. За 5 месяцаў ён павялічыўся ў 2,5 раза амаль да $80 млн.