16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 50 індыйскіх прадпрыемстваў прадставяць прадукцыю на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Ахова здароўя Беларусі-2017", якая будзе праходзіць з 21 па 24 сакавіка ў час Беларускага медыцынскага форуму. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА.
Індыя выступіць краінай - партнёрам выстаўкі. Індыйскія кампаніі арганізуюць аб'яднаную экспазіцыю, дзе прадставяць найноўшыя дасягненні ў галіне медыцыны і аховы здароўя.
Асобныя стэнды будуць прысвечаны медыцынскай галіне Польшчы і Латвіі. Яны арганізаваны аддзелам садзейнічання гандлю і інвестыцыям пасольства Польшчы ў Беларусі і Латвійскім агенцтвам інвестыцый і развіцця.
"Ахова здароўя Беларусі" - самая буйная медыцынская выстаўка ў краіне, у якой традыцыйна ўдзельнічаюць лідары медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці, распрацоўшчыкі новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння захворванняў чалавека. Штогод выстаўка збірае больш за 200 вядучых вытворцаў і дыстрыб'ютараў абсталявання, паслуг, медыкаментаў, вырабаў медпрызначэння з Беларусі і іншых краін.
Паводле слоў міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі, інавацыйныя рашэнні і тэхналогіі ўкараняюцца ў паліклінікі. Тут павінны быць сканцэнтраваны спецыялісты, медыцынскае абсталяванне. Гэта дасць магчымасць на працягу аднаго дня задаволіць патрэбнасці пацыента ў дыягностыцы і правядзенні некаторых медыцынскіх умяшанняў. На выстаўцы можна будзе азнаёміцца з высакаякасным абсталяваннем, якім у самы бліжэйшы час будуць аснашчаны паліклінікі і іншыя ўстановы аховы здароўя краіны.
Выстаўка будзе праходзіць па адрасе: прасп.Пераможцаў, 20/2 (Футбольны манеж). Арганізатарам выступае Міністэрства аховы здароўя сумесна з ЗАТ "Тэхніка і камунікацыі".