21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжбанкаўскі валютны савет цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі абмеркаваў сёння ў Мінску на чарговым, 42-м пасяджэнні пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Беларусі.
Пасяджэнне прайшло з удзелам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура, старшыні Цэнтральнага банка Расіі Эльміры Набіулінай, іншых прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін. "Бакі абмяняліся думкамі аб бягучай эканамічнай сітуацыі і ходзе рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расіі ў 2015 годзе, уключаючы палітыку валютнага курса, падвялі вынікі работы банкаўскіх сістэм дзвюх краін у 2014 годзе", - праінфармавалі ва ўпраўленні.
На пасяджэнні ішла размова аб двухбаковым плацежным балансе і плацежным балансе Саюзнай дзяржавы за 2014 год, дынаміцы міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце Беларусі і Расіі. "Адбыўся таксама абмен думкамі аб стане разлікаў ва ўзаемным гандлі дзвюх краін у нацыянальных валютах і супрацоўніцтве ў галіне прафілактыкі фальшываманецтва ў Беларусі і Расіі", - дадалі ва ўпраўленні Нацбанка.