23 красавіка, Слаўгарад /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх прадпрыемстваў ёсць усё неабходнае для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі. Такое меркаванне выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час наведвання УП "Чырвоны харчавік - Слаўгарад", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава азнаёмілася з вытворчымі памяшканнямі, дзе ў мінулым годзе адкрылі лінію па разліве мёду. Тут штогод плануюць перапрацоўваць да 300 т карыснага прадукту ў розным асартыменце. У планах на бліжэйшую перспектыву - вытворчасць манафлёрнага (сланечнікавага, рапсавага, кветкавага) і ўзбітага крэм-мёду з журавінамі, чарніцамі, клубніцамі, пяргой і пропалісам, вішняй, лімонам, імбірам і грэцкім арэхам. Выпуск гэтай прадукцыі пачнецца ў бліжэйшы час.
Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі азнаёмілася з ходам рэалізацыі значнага інвестыцыйнага праекта - цяпер на тэрыторыі "Чырвоны харчавік - Слаўгарад" ідзе будаўніцтва новага памяшкання. Тут будзе размешчана сучасная лінія па вытворчасці мармеладу і жэлейных цукерак. Як адзначыў дырэктар ААТ "Чырвоны харчавік", член Савета Рэспублікі Сяргей Анюхоўскі, рэалізацыя праекта ідзе ў адпаведнасці з планам і першую партыю мармеладу тут плануюць вырабіць ўжо ў лістападзе бягучага года. "Цяпер у нас ідуць работы па добраўпарадкаванні памяшканняў для новай лініі па вытворчасці мармеладу. Тэхніка нямецкай вытворчасці. Усё абсталяванне ўжо закуплена", - адзначыў Сяргей Анюхоўскі.
Паводле слоў дырэктара, з'яўленне сваёй лініі па вытворчасці мармеладу дасць магчымасць забяспечыць унутраны рынак краіны якаснымі і карыснымі ласункамі.
У час наведвання прадпрыемства для гасцей арганізавалі невялікую дэгустацыю выпускаемай прадукцыі. Як адзначыла Наталля Качанава, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць усё неабходнае для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі.