5 лістапада, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на форуме "Мінскія дзелавыя сустрэчы" абмеркаваў з прэзідэнтам - старшынёй праўлення Банка ВТБ (ПАТ) Андрэем Косціным удзел расійскага банка ў размяшчэнні беларускіх еўрааблігацый. Аб гэтым сёння журналістам на форуме паведаміў Андрэй Косцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы сустрэліся з прэм'ер-міністрам, абмяркоўвалі пытанне двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці ўдзел Банка ВТБ у размяшчэнні еўрааблігацый, што ўрад плануе. Таксама мы разгледзелі шэраг іншых пытанняў. У іх ліку - развіццё разлікаў у нацыянальных валютах", - сказаў кіраўнік Банка ВТБ.
Адказваючы на пытанне, калі Беларусь, на яго думку, можа размясціць еўрааблігацыі, Андрэй Косцін адзначыў: "Цяпер сказаць гэта немагчыма - усё будзе залежаць ад параметраў выпуску".
У цэлым у час сустрэчы з Андрэем Кабяковым былі ўзняты бягучыя пытанні па ўзаемадзеянні бакоў. "У нас, напрыклад, ёсць пажаданні па дзейнасці нашага банка ў Беларусі, па яго капіталізацыі, а таксама па выкарыстанні расійскіх рублёў у дакапіталізацыі, а не толькі долараў", - удакладніў Андрэй Косцін.
Група ВТБ (Расія) - гэта Банк ВТБ, яго даччыныя (доля ВТБ - больш як 50 працэнтаў галасуючых акцый) крэдытныя і фінансавыя арганізацыі. Міжнародная сетка Групы ВТБ налічвае больш за 30 банкаў і фінансавых кампаній больш як у 20 краінах свету. ВТБ прадастаўляе сваім кліентам комплекснае абслугоўванне ў краінах СНД, Еўропы, Азіі і Афрыкі. На расійскім банкаўскім рынку Група ВТБ займае другое месца па ўсіх асноўных паказчыках. Асноўным акцыянерам Банка з'яўляецца дзяржава (амаль 61 працэнт галасуючых акцый, або прыкладна 85 працэнтаў статутнага капіталу банка).