Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

8 Снж 2017

Ярашэнка прапануе распаўсюдзіць на ўсю Беларусь прынцыпы работы з інвестарамі ў "Вялікім камені"

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка лічыць мэтазгодным распаўсюдзіць на ўсю Беларусь прынцыпы работы парка з інвестарамі. Аб гэтым ён паведаміў сёння ў час круглага стала, прысвечанага ўдасканаленню закона "Аб інвестыцыях", які адбыўся ў верхняй палаце беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Ярашэнка нагадаў, што за гады работы індустрыяльнага парка для яго развіцця кіраўніком дзяржавы было падпісана некалькі ўказаў. Важнейшым дакументам стаў указ нумар 166, дзякуючы якому ўдалося ўнесці некаторыя заканадаўчыя навелы. "Гэтыя навелы, я лічу, павінны быць распаўсюджаны не толькі на тэрыторыю парка "Вялікі камень", а, магчыма, і на іншыя тэрыторыі - Свабодныя эканамічныя зоны і нават на ўсю Беларусь", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі парка.

Так, першы важны аспект, які кіраўніцтва парка ўзяло на ўзбраенне, вывучыўшы вопыт кітайскіх партнёраў, - работа з інвестарамі па прынцыпе "адна станцыя". "Інвестары, прыходзячы ў Беларусь, хочуць працаваць камфортна і разумець, да каго звяртацца за тымі ці іншымі дазвольнымі працэдурамі. Калі гэта ўсё будзе сканцэнтравана ў адным месцы, як мы пачынаем рабіць у парку, і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання будуць знаходзіцца на адной пляцоўцы, а інвестар па ўсіх пытаннях зможа звяртацца ў Адміністрацыю парка, тады яго работа будзе камфортнай", - упэўнены Аляксандр Ярашэнка. На яго думку, працаваць у рэжыме "адна станцыя" вельмі зручна, і ў далейшым гэты рэжым варта распаўсюдзіць на работу з усімі інвестарамі ў прынцыпе. "Мінімальныя тэрміны работы выгадныя як інвестару, так і нам самім", - заўважыў ён.

Другі аспект датычыцца будаўніцтва аб'ектаў і іх уводу ў эксплуатацыю. Кіраўнік Адміністрацыі індустрыяльнага парка лічыць, што пры ўводзе аб'екта ў першую чаргу павінны ўлічвацца яго механічная трываласць і захаванне экалагічных патрабаванняў, і для "Вялікага каменя" гэта адлюстравана ва ўказе нумар 166. "Гэтых дзвюх норм дастаткова, - упэўнены Аляксандр Ярашэнка. - Адпаведна, і двух подпісаў пры прыёмцы аб'екта для яго ўводу ў эксплуатацыю. У нас жа цяпер, у нашым заканадаўстве, інвестар павінен атрымаць 14 подпісаў".

Кіраўнік Адміністрацыі парка прызнаўся, што ў гэтай сітуацыі бачыць пэўную падаплёку. Так, прадпрымальнік, які пабудаваў аб'ект і мае 14 подпісаў у дакуменце аб яго прыёмцы, фактычна здымае з сябе адказнасць за шэраг пытанняў па далейшай эксплуатацыі будынка, перакладаючы яе на іншыя структуры. "Гэта ў корані няправільна. Гэта яго аб'ект (інвестара. - Заўвага БЕЛТА), ён павінен у першую чаргу несці за яго адказнасць, а мы павінны толькі садзейнічаць таму, каб гэты аб'ект уводзіўся як мага хутчэй, а затраты былі мінімальнымі", - сказаў ён.

Яшчэ адно правіла, якое прымяніў "Вялікі камень", - магчымасць для інвестараў, акцыянераў, заснавальнікаў і тых, хто працуе на інвестыцыйны праект, знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу 180 сутак у каляндарным годзе. "Гэту норму можна і трэба распаўсюджваць на ўсю тэрыторыю для інвестыцыйных праектаў у нашай краіне", - перакананы Аляксандр Ярашэнка.

Індустрыяльны парк "Вялікі камень", які будуецца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, павінен стаць асноўным аб'ектам эканамічнага пояса Шаўковага шляху ў Беларусі. Агульная колькасць рэзідэнтаў "Вялікага каменя" да гэтага часу складае 23, сярод іх, акрамя беларускіх і кітайскіх, прадстаўнікі ЗША, Расіі, Літвы, Аўстрыі, Германіі. Пры гэтым не выключана, што да канца года колькасць рэзідэнтаў можа павялічыцца.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі