15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Агульны аб'ём інвестыцый у індустрыяльны парк "Вялікі камень" склаў больш за $670 млн. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер 70 рэзідэнтаў з 13 краін свету актыўна ўкладаюць свае фінансавыя рэсурсы. Аб'ём іх прамысловай вытворчасці складае Br233,5 млн. Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка ўкладае інвестыцыі ў саму тэрыторыю парка. Што датычыцца ўкладання бюджэтных сродкаў, то наша краіна ўклала каля $31 млн", - сказаў Аляксандр Ярашэнка.
Паводле яго слоў, на адзін рубель укладзеных інвестыцый было прыцягнута дзевяць рублёў інфраструктурных інвестыцый пры агульнасусветнай практыцы адзін да двух.
У сваю чаргу першы намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка" Кірыл Карацееў адзначыў, што кампанія ўклала $270 млн, з якіх у інфраструктуру парка - каля $240 млн. Кітайская Народная Рэспубліка таксама аказала тэхнічную дапамогу ў памеры $50 млн, большая частка ўкладзена ў інжынерна-транспартную інфраструктуру. "Гэта паказвае, што ў нас вельмі дыферэнцыраваныя крыніцы, бюджэт задзейнічаны мінімальна", - падкрэсліў ён.