Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

5 Стд 2024

Якім будзе Знак якасці ў Беларусі і як яго атрымаць? Галоўчанка падвёў вынікі нарады ў Прэзідэнта

Якім будзе Знак якасці ў Беларусі і як яго атрымаць? Галоўчанка падвёў вынікі нарады ў Прэзідэнта

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 5 студзеня расказаў журналістам аб тым, якім будзе Дзяржаўны знак якасці і як яго атрымаць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час нарады старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Валянцін Татарыцкі далажыў, што падрыхтаваны праект прэзідэнцкага ўказа аб Дзяржаўным знаку якасці. Дакументам засноўваецца сам знак, палажэнне аб ім і яго апісанне.

"Пры распрацоўцы дзяржаўнага знака Рэспублікі Беларусь быў узяты за аснову Знак якасці, які прысвойваўся ў часы Савецкага Саюза, - адзначыў Валянцін Татарыцкі. - Знак якасці можа прысвойвацца харчовым таварам, таварам народнага спажывання і прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння".

Каб атрымаць Дзяржаўны знак якасці, прадпрыемствы павінны не проста выпускаць якасную, адпаведную лепшым айчынным і сусветным аналагам прадукцыю, але і мець бяспечную, экалагічную, інавацыйную, тэхналагічную і эстэтычную вытворчасць. "Па гэтых паказчыках будзе ацэньвацца прадукцыя, якая будзе прэтэндаваць на атрыманне Знака якасці", - сказаў Валянцін Татарыцкі.

Але як будзе выглядаць сам Знак якасці Рэспублікі Беларусь? Паводле слоў старшыні камітэта, усяго распрацавана больш за 20 варыянтаў, для фінальнага абмеркавання адабрана пяць праектаў. Іх канцэпцыя падобная (Знак якасці прадстаўлены ў выглядзе пяцівугольніка, вядомага яшчэ з савецкіх часоў), а вось дэталі адрозніваюцца. На адным, напрыклад, у цэнтры фігуры перавернутая на 90 градусаў літара К, на другім - бусел.

"Мне здаецца, у тым савецкім знаку прыдрацца няма да чаго. Там усё мінімальна. Штучна не трэба адыходзіць ад добрага, я лічу. Празмернасцей не павінна быць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ні колеравая гама, ні малюнкі не павінны перагружаць сам знак".

Як расказаў журналістам па выніках нарады прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, канчатковага рашэння аб тым, як менавіта будзе выглядаць знак, пакуль няма. Але яно будзе прынята ў бліжэйшы час з улікам выказаных заўваг. На думку ўдзельнікаў мерапрыемства, у аснове павінен застацца добра знаёмы прадстаўнікам старэйшага пакалення пяцівугольнік, або перавернутая літара К, і ў кардынальнай мадыфікацыі гэты сімвал не мае патрэбы.

Што датычыцца прысуджэння новай узнагароды, то ўжо цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што за яе давядзецца сур'ёзна пазмагацца. Статус для Дзяржаўнага знака якасці абяцаюць самы высокі, атрымаць яго будзе цяжка, але вельмі прэстыжна.

"Штогод уручаецца прэмія ўрада ў галіне якасці. Ёсць працэдура адбору. Здавалася б, навошта нешта мяняць? Але вырашылі падняць на прыступку вышэй (статус гэтай узнагароды. - Заўвага БЕЛТА). Дзяржаўны знак якасці, які будзе зацверджаны ўказам Прэзідэнта, павінен стаць вышэйшай адзнакай таго, што прадукцыя праверана дасканала", - растлумачыў Раман Галоўчанка.

Прэтэндэнты на атрыманне знака будуць праходзіць праз сур’ёзны адбор. Але асаблівых абмежаванняў для жадаючых прыняць удзел у спаборніцтве на якасць быць не павінна. Гэта могуць быць як буйныя прадпрыемствы з багатай гісторыяй, так і маладыя, з новай прадукцыяй.

Важна, што знак будзе прысуджацца не прадпрыемству ў цэлым і нават не групе тавараў, а канкрэтнаму вырабу канкрэтнага вытворцы - аўтамабілю, тканіне і гэтак далей.

Плануецца, што рашэнне будзе прымаць рэспубліканская атэстацыйная камісія. Падрабязней усю працэдуру прапішуць у пастанове ўрада. Алгарытмы будуць падобныя да тых, што былі пры прысуджэнні Знака якасці савецкага часу.

Як чакаецца, першыя ўладальнікі Знака якасці з'явяцца ў Беларусі ў канцы бягучага года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі