15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў прапанаваныя ўрадам навацыі ў сферы зямельных адносін. Але даручыў шэраг з іх дапрацаваць і ўнесці папраўкі ў заканадаўства не ўказам Прэзідэнта, а шляхам паправак у Зямельны кодэкс. Аб гэтых і іншых выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях удасканалення зямельных адносін расказаў журналістам першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнтам вызначаны захаванне існуючых прынцыпаў зямельных адносін у краіне, забеспячэнне іх у далейшым. Гэта значыць, за Прэзідэнтам застануцца пытанні распараджэння землямі сельскагаспадарчага прызначэння, ворныя землі, лясы. Паўнамоцтвы па іншых землях павінны быць аддадзены мясцовым органам улады.
"Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да абмеркавання асноўных навацый указа, каб выканаць мэтавую задачу, пастаўленую Прэзідэнтам перад урадам у рамках нарады, - усе прапановы павінны на 100 працэнтаў адпавядаць чаканням людзей і яны павінны быць запатрабаваны простым чалавекам. Ні ў якім разе не дазваляць спекуляцый з зямельнымі ўчасткамі, - падкрэсліў ён. - Верагодней за ўсё, мы яшчэ раз уважліва павывучаем, экстрапаліруем гэтыя нормы на рэальную сітуацыю ў раёнах з тым, каб забяспечыць даручэнні Прэзідэнта аб тым, што гэта сапраўды павінна быць чакана людзьмі, станоўча ўспрынята. Верагодней за ўсё, гэта будзе імплементавана ў Зямельны кодэкс".
Першапачаткова ўрад прапаноўваў пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады па вырашэнні зямельных пытанняў, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў, зыходзячы з таго, што там не стаіць востра праблема развіцця тэрыторый. "Мы ўсё ж такі рабілі акцэнт на сельскіх тэрыторыях. Але Прэзідэнт адзначыў, што і на гэтыя тэрыторыі (Мінск, абласныя цэнтры і прылеглыя да іх раёны. - Заўвага БЕЛТА) гэтыя нормы (закладзеныя ў праект указа. - Заўвага БЕЛТА) могуць распаўсюджвацца па рашэнні мясцовых органаў улады. Гэта значыць Прэзідэнт яшчэ большыя паўнамоцтвы ў пытаннях удасканалення зямельных адносін даў мясцовым органам улады, пакінуўшы за сабой фундаментальныя пытанні грамадскага ўладкавання нашай дзяржавы, дзяржуласнасці на сельгасугоддзі і лясныя масівы", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Якія ж пытанні прапануецца перадаць на ўзровень мясцовых улад? Напрыклад, вызначэнне памеру ўчастка ў сельскіх населеных пунктах. Цяпер гэта да 25 сотак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Урад прапаноўваў павялічыць яго да 1 га, а Прэзідэнт - пайсці яшчэ далей і пры неабходнасці выдзяляць і больш за 1 га.
Прапануецца больш гібкі і варыятыўны падыход да мэтавага выкарыстання зямельнага ўчастка, уключаючы трансфармацыю тэрыторыі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў плошчы для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і наадварот.
Прадугледжваецца драбленне ўчасткаў, каб у людзей была магчымасць, напрыклад, пабудаваць дом на ўчастку побач з бацькамі, дзецьмі. Плануецца дазволіць размяшчэнне нестацыянарных аб'ектаў без афармлення адвядзення зямлі (размова пра аб'екты без фундамента, напрыклад, ларкі, часовыя збудаванні).
Вельмі чакана змяненне адносна афармлення ўчасткаў садоўніцкіх таварыстваў. Прадугледжваецца норма, якая дазволіць іх узаконіць па фактычным карыстанні без унясення змяненняў у праект забудовы.
Актуальна для многіх і вырашэнне праблемнага пытання па афармленні тэрыторый, занятых грамадзянамі па-за межамі прадастаўленага ўчастка. Урад прапанаваў дакладна размежаваць "самавольнае заняцце зямельнага ўчастка" (гэта значыць фактычна яго захоп) і невыкананне межаў выдзеленага зямельнага ўчастка. У другім выпадку прапаноўвалася ўзаконіць фактычна выкарыстоўваемы ўчастак, калі парушэнні складаюць да 10 працэнтаў ад існуючай тэрыторыі. Аднак кіраўнік дзяржавы прапанаваў не абмяжоўвацца 10 працэнтамі, а зыходзіць з сітуацыі і пакінуць гэта пытанне на меркаванне мясцовых органаў улады, калі, вядома, не парушаны ў цэлым горадабудаўнічыя нормы і не закрануты межы чужога ўчастка.