17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Наталя Кураш расказала, як развіваецца беларускі гандаль з краінамі Азіі, у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Паводле яе слоў, кітайскі рынак - вельмі дружалюбны для Беларусі. "Эпідэміялагічная сітуацыя прывяла да невялікай паўзы ў выставачнай рабоце, але мы цяпер аднаўляем яе. 5-10 лістапада плануецца нацыянальная экспазіцыя Беларусі на кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту. Будзе прадстаўлена 27 кампаній. Сёння ў кітайскіх кампаній ёсць цікавасць да нашых тавараў, асабліва да прадуктаў харчавання. Самае хадавое для Кітая - ялавічына і кандытарскія вырабы", - сказала Наталля Кураш.
Цікавасць да беларускай прадукцыі ёсць і ў Таджыкістана. "Сёння туды ў першую чаргу ідуць прамысловыя тавары, сельгастэхніка", - дадала эксперт.
Наталля Кураш расказала і аб супрацоўніцтве беларускіх прадпрыемстваў з іншымі краінамі Азіі. Так, на выстаўцы Armenia EXPO ў верасні былі заключаны кантракты на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання. Затым была выстаўка Rebuild SYRIA, у час якой Мінскі малочны завод нумар 1 заключыў кантракт на пастаўку сваёй прадукцыі. "Выстаўка ў Сірыі была таксама добрая тым, што там збіраліся прадстаўнікі бліжэйшых краін. І было зручна выходзіць на розныя рынкі. Кувейт, ААЭ, Іран, Ірак, Іарданія - яны таксама ў нас купляюць. Калі добра падрыхтавацца да выстаўкі, можна прадаць тавары ў 10-15 краін за раз", - адзначыла эксперт.