1 кастрычніка, Астравец /Кар. БЕЛТА/. Які эфект для беларускай эканомікі дала БелАЭС, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве энергетыкі.
"БелАЭС працуе на эканоміку і прыносіць значны эфект, вырашаны ключавыя задачы. Так, Беларусь поўнасцю адмовілася ад імпарту электрычнай энергіі. Зніжана залежнасць краіны ад імпартуемага прыроднага газу. З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) станцыя сумарна выпрацавала больш за 35 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць звыш 9 млрд куб.м прыроднага газу. Атрыманы і экалагічны эфект. За кошт работы БелАЭС выкіды парніковых газаў скараціліся на больш як 15 млн т", - расказалі ў Мінэнерга.
Атамная станцыя забяспечвае задавальненне ўсё большага попыту на электраэнергію рэальным сектарам эканомікі і насельніцтвам на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Дзейнічаюць стымулюючыя тарыфы як для энергаёмістых вытворчасцей, так і для грамадзян, якія выкарыстоўваюць электраэнергію для ацяплення. Акрамя таго, станцыя стала драйверам развіцця сумежных галін эканомікі. Рыхтуецца да рэалізацыі шэраг інавацыйных праектаў - у прамысловасці, навуцы, медыцыне. Вялікі праект БелАЭС садзейнічае шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій на вытворчасцях, забяспечвае стварэнне новых рабочых месцаў.
Безумоўнай перавагай будаўніцтва АЭС стала таксама развіццё горада атамшчыкаў Астраўца і Астравецкага раёна. За апошнія 10 гадоў гэты населены пункт ператварыўся ў прыгожы добраўпарадкаваны горад, дзе ёсць усе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання. Пабудаваны новыя школы, дзіцячыя сады, бальніца, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, цэнтр культуры. У горадзе ўведзена ў эксплутацыю больш за 50 жылых дамоў.
Дзякуючы прынятым на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада стымулюючым мерам адзначаецца дадатная дынаміка па росце электраспажывання. У 2023 годзе агульны аб'ём спажывання электраэнергіі ў краіне павялічыўся на 2,5 млрд кВт.гадз і дасягнуў рэкорднага паказчыка - 41,1 млрд кВт.гадз. Дадатная дынаміка захоўваецца і ў гэтым годзе.
З развіццём электрасеткавай інфраструктуры ў Беларусі істотна выраслі тэмпы росту будаўніцтва новага электрыфікаванага жылля. Шырока праводзіцца работа па пераводзе індывідуальных жылых дамоў на электраацяпленне. Аб'ём спажывання электраэнергіі насельніцтвам для названых патрэб у 2023 годзе павялічыўся ў 1,4 раза. Дынамічна развіваюцца энергаёмістыя вытворчасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пашырэнню электратранспарту. У Беларусі створана разгорнутая сетка зарадных станцый для электратранспарту - па іх колькасці наша краіна займае лідзіруючыя пазіцыі на постсавецкай прасторы.