24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IX Міжнародны форум "Беларусь малочная" пройдзе 26-27 кастрычніка ў Мінску. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
Тэма цяперашняга форуму - "Новая эра малака". Форум адкрые міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. У праграме - актуальная аналітыка малочнага рынку, важнейшыя рыначныя і спажывецкія трэнды, пытанні галіновай стратэгіі, распаўсюджвання на знешнія рынкі, развіццё ўнутранага спажывання.
"Будуць прэзентаваны вынікі некалькіх маркетынгавых даследаванняў. У рамках праекта "Малочная прэм'ера" пройдзе дэгустацыя інавацыйных прадуктаў, якіх яшчэ няма на беларускай паліцы і якія толькі выходзяць у свет. Акрамя таго, удзельнікам форуму прадэманструюць вынікі экспертнай панэлі з дырэктарамі прадпрыемстваў. Яна падрыхтавана на аснове інтэрв'ю з топ-менеджарамі галіны з мэтай выявіць зоны росту, перспектыўныя прадукты і рынкі, стратэгічныя напрамкі развіцця", - расказалі ў Мінсельгасхарчы.
Таксама пройдуць ушаноўванні лаўрэатаў традыцыйных прэмій: "100 дарог экспарту" - для лепшых экспарцёраў, "Вялікія зоркі млечнага шляху" - за асабісты ўклад у развіццё прадпрыемстваў і ўсёй малочнай галіны.
Для ўдзелу ў форуме зарэгістраваны ўжо больш як 450 дэлегатаў з 11 краін. Задача мерапрыемства - абмеркаваць актуальныя праблемы і магчымыя напрамкі руху, пачуць меркаванні ўсіх, каму неабыякава, куды і якімі тэмпамі пойдзе малочная галіна.