17 студзеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC) гатова дапамагчы ў распрацоўцы плана дзеянняў па падрыхтоўцы Праграмы развіцця канкурэнцыі ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Адпаведны пратакол аб намерах падпісаны на сустрэчы міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча і кіраўніка глабальнай практыкі IFC па пытаннях фінансаў, канкурэнтаздольнасці і інавацый у рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Рольфа Бернта.
Плануецца прааналізаваць заканадаўства ў сферы канкурэнцыі і антыманапольнага рэгулявання, разлічыць індыкатары рэгулявання рынкаў тавараў (работ, паслуг) у Беларусі.
Работа будзе праводзіцца ў рамках выканання даручэння ўрада па падрыхтоўцы Праграмы развіцця канкурэнцыі ў Беларусі.